Ці аб’яднаюцца беларускія сацыял-дэмакраты?
„25-годдзе адраджэння сацыял-дэмакратычнага руху – не аб’яднала беларускіх левых”, – адзначае экс-старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі „Грамада” Анатоль Ляўковіч. Палітык прапанаваў усім сацдэкам краіны супольна адзначыць знакавую гістарычную падзею.
Не дачакаўшыся адказу, ён разам з паплечнікамі вырашыў улетку правесці канферэнцыю памяці Міхася Ткачова – першага старшыні адроджанай сацыял-дэмакратычнай „Грамады”.
Анатоль Ляўковіч узгадвае моманты першага знаёмства з Міхасём Ткачовым:
– У Менску на плошчы Леніна была фабрыка-кухня, калісьці сталовая ў савецкія часы – на першым паверсе сталовая, а на другім дыетычная. Я па прывычцы, калі быў студэнтам, хадзіў у тую сталовую. Менавіта там мы часта сустракаліся, бо ён быў хворы на ныркі. Ён ужо тады прафесар быў, але не ў нейкіх рэстаранах, а проста ў сталоўцы з людзьмі. На самой справе ён заўсёды выклікаў такое вельмі добрае ўспрыманне.
Анатоль Ляўковіч перакананы, што 25-годдзе адраджэння сацыял-дэмакратыі і постаць Міхася Ткачова – гэта не проста гісторыя, а добрая магчымасць для выпрацоўкі супольнай стратэгіі для левага руху.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя