Ці адбудуцца масавыя пратэсты пасля парламенцкіх выбараў?
Як вядома, былы палітвязень Мікалай Статкевіч заклікае выйсці на Кастрычніцкую плошчу ў Менску 12 верасня а 18-ай гадзіне. Яго ініцыятыву каментуе кандыдат у дэпутаты ад Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч:
— Падобны пратэст малаверагодны, бо большасць нашых людзей не ўспрымаюць парламенцкія выбары як сродак нешта кардынальна змяніць у Беларусі, таму яны не будуць рызыкаваць сваім месцам працы, альбо не будуць рызыкаваць патрапіць у вязніцу пратэстуючы па выніках несправядлівага падліку галасоў менавіта на парламенцкіх выбарах.
Кандыдат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юрый Хашчавацкі зазначае, што, акрамя вулічных пратэстаў, ёсць іншыя сродкі ўздзеяння на ўладу.
— Напрыклад нявыплата падаткаў, не выйсце на працу, забастоўкі. Вось студэнты здавалася б абсалютна бяспраўны народ, а ўявіце сабе калі б усе студэнты, увесь факультэт, скажуць «не» і не выйдуць на заняткі.
Сам жа Мікалай Статкевіч лічыць, што толькі акцыі пратэсту здольныя зламаць сцэнар уладаў.
— Спектакль гэты ўжо гатовыя ўспрымаць новыя еўрапейскія сябры беларускага рэжыму: ім абы ціха. А калі не ціха, яны могуць не ўспрыняць. І яшчэ адзін момант: усё ж такі ўлада ўвесь час баіцца, іншым разам нават неадэкватна, што раптам выйдзе шмат людзей на вуліцу. Яны проста возьмуць і пагоняць тых людзей.
Як вядома, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына назвала масавыя пратэсты найвялікшай пагрозай для сёлетняй электаральнай кампаніі.
Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя