Ці адбудзецца ў Менску парад на Дзень Перамогі?
Парад на Дзень Перамогі 9 траўня: ці ён адбудзецца? Як кажа журналіст і палітычны аналітык Паўлюк Быкоўскі – у высокіх кабінетах не вельмі хочуць размаўляць на гэтую тэму, маўляў, канчатковае рашэнне будзе прынятае ў самы апошні момант.
Але відавочна, што парад важны для ўладаў – у ідэалагічным плане. Зараз варта абапірацца толькі на розныя абрывачныя дадзеныя, кажа Паўлюк Быкоўскі:
– Не ведаю ці будзе парад, ёсць не вельмі дакладная інфармацыя пра тое, што рэпетыцыі быццам бы спыненыя. Я не ведаю ці сапраўды прынятае нейкае рашэнне, але цалкам магчыма, што будзе нейкая пазіцыя, якая дасць магчымасць уладам з аднаго боку захаваць твар, а з другога боку не рабіць масавыя мерапрыемствы. Напрыклад, што прыдумалі зрабіць у Расеі, яны адмянілі парад, але ў іх будзе парад паветраных сілаў і ў іх будуць салюты.
Паведамленні сведчаць, што чарговыя рэпетыцыі параду не адбыліся. На 29 красавіка ў Менску была запланаваная рэпетыцыя парада, планавалася перакрываць рух на вуліцы Машэрава. Удзельнікаў трэніроўкі пачалі падвозіць на вайсковых аўтобусах на паркоўку каля парку Перамогі а 21:00, але рэпетыцыя не адбылася, піша „Радыё Свабода”.
На 5 і 7 траўня запланаваныя генеральныя рэпетыцыі парада.
Беларускае Радыё Рацыя