Ці адбудзецца зачыстка палітычных партый?
Лідар Беларускай партыі “Зялёныя” Дзмітрый Кучук распавёў пра будучыню іх арганізацыі.
Як вядома, Лукашэнка загадаў “максімум да канца году правесці перарэгістрацыю ўсіх палітычных партый” на падставе закона аб партыях, які таксама ў бліжэйшы час плануюць прыняць. Ці не баяцца партыі зачысткі?
Дзмітрый Кучук: Яшчэ восенню мінулага году ў нас была праверка з боку Мінюста. У нас запыталі дакументы аб спісачным складзе сябраў партыі, былі яшчэ нейкія нюансы, якія тычыліся нашай арганізацыі. Нам давалі тэрмін на выпраўленне хібаў да канца 2020 году, гэта было зроблена. З таго часу Міністэрства юстыцыі ніякіх прэтэнзій да нас не прад’яўляла.
Адзінае, што ў партыі ёсць папярэджанне за ўдзел у “Круглым стале”, пасля чаго была прынята заява па выніках выбараў. Гэтае папярэджанне будзе дзейнічаць фактычна цэлы год.
Але не думаю, што перарэгістрацыя адбудзецца ў бліжэйшы час. Яшчэ ж няма закона аб партыях, а калі яго прымуць – нікому невядома.
РР: Ці магчыма ў краіне зачыстка палітычнага поля?
Дзмітрый Кучук: Нічога выключаць нельга, але трэба разумець, што, напрыклад, наша партыя дэлегавана ў еўрапейскія структуры. Суадносна, калі нейкая іншая сіла захоча заняць наша месца, то гэта будзе доўгая еўрапейская працэдура. У той час у нас ёсць магчымасць прадстаўляць інтарэсы Беларусі ў еўрапейскіх структурах.
Зразумела, што калі адбудзецца зачыстка палітычных партый, і іх застанецца 4-5, то гэта будзе проста смешна. Я думаю, што гэта добра разумеюць і ў Міністэрстве юстыцыі.
Беларускае Радыё Рацыя