Ці адбываецца ў Беларусі Агульнанацыянальны страйк?



1 лістапада ягоны старт абвесціла Беларускае аб’яднанне рабочых. Лідар аб’яднання Сяргей Дылеўскі лічыць, што першы дзень прайшоў нават лепш, чым яны самі планавалі.

Ацэнка прагучэла ў інтэрв’ю „Свабоды”.

– Па нашых дадзеных, якія мы зараз маем, стачка толькі набірае абароты. У прынцыпе, па выніках учарашняга дня ўсё ідзе ў рамках нашага плану. Мы ставілі сабе задачу пабудзіць беларускі народ, пабудзіць беларускіх рабочых на прадпрыемствах, прыцягнуць іх да актыўных дзеянняў. Выйсці з гэтай спячкі, выйсці з гэтага сну. І па выніках учарашняга дня мы бачым, што зрабілі першы крок. Яшчэ наперадзе шмат працы, але першы дзень прайшоў, я лічу, вельмі добра.

Наконадні ў эфіры Рацыі галоўная рэдактарка сайту «Хартыя-97» Наталля Радзіна спрагназавала, што забастоўка будзе нарастаць цягам месяца.

– Я не думаю, што адразу з 1 лістапада, але на працягу месяца, я ўпэўнена, што забастоўка будзе нарастаць. Людзі будуць заставацца дома, сотні тысяч людзей не прыйдуць на работу. Гэта сапраўды адзіны сёння для нас шанец і ключ да пераменаў. Бяздзейнічаць далей немагчыма.

Агульнанацыянальны страйк Радзіна прыраўноўвае да народнага каранціну ў сувязі з эпідэмічнай абстаноўкай.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя