Ці адчуе расейская эканоміка чарговыя санкцыі?
ЕЗ і ЗША пачалі ўводзіць трэці пакет санкцый супраць сектараў расейскай эканомікі. Сярод галінаў, якія падпадаюць пад санкцыі, банкаўская сістэма, паліўныя кампаніі, продаж зброі і тавараў падвойнага прызначэння. Рашэнне, прынятае напярэдадні, маюць зацвердзіць парламенты заходніх краінаў. Захад доўга вагаўся наконт санкцый, якія трэба было ўводзіць раней, сказаў лідар руху Салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык:
– Іх трэба было ўводзіць ужо тады, калі Расея парушыла ўсю сістэму міжнароднай бяспекі. Я маю на ўвазе акупацыю Крыма. Гэта цалкам пярэчыць Будапешцкаму мемарандуму. Толькі цяпер пачынаецца ўвядзенне сур’ёзных санкцый. Мне б вельмі хацелася, каб гэта былі незапозненыя дзеянні, бо агрэсара трэба было спыняць яшчэ ў сакавіку.
Новы санкцыйны спіс будзе абнародаваны сёння. Раней Еўразвяз забараніў уезд і замарозіў капіталы 87 расейскіх і ўкраінскіх грамадзянаў, а таксама 20 кампаній у сувязі з далучэннем Расеяй Крыма і крызісу на ўсходзе Украіны.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота riakchr.ru