Ці адменяць санкцыі?
Каля месяца застаецца да таго часу, калі Еўропа ізноў будзе разглядаць санкцыйнае “беларускае пытанне”. Санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў могуць адмяніць поўнасцю ці працягнуць. Што больш верагодна?
Лявон Баршчэўскі: Я лічыў і лічу, што не было неабходнасці прыпыняць санкцыі, бо чыноўнікі не палепшыліся ў сваім стаўленні. Днямі, напрыклад, сілавікі збілі журналіста ў судзе. Дык дзе тут паляпшэнне сітуацыі, якое наша правасуддзе? Усё гэта толькі дадае ўпэўненасці, што і прадстаўнікі судоў, і правахоўнай сістэмы заслугоўваюць яшчэ большых санкцый. Таму было, на мой погляд, памылкай іх прыпыненне.
РР: Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі, што спадзяюцца на поўную адмену санкцый, але зараз адбываецца такі выпадак са збіццём журналіста. Можа тут дзейнічаюць нейкія сілы, якія не хочуць, каб Беларусь збліжалася з Еўропай?
Лявон Баршчэўскі: Бяспрэчна, што такія сілы ёсць, і яны дзейнічаюць. Але, калі ўлада хацела б па-сапраўднаму супрацьстаяць гэтаму, то яна б знаходзіла спосабы. У першую чаргу – гэта правядзенне грамадскага дыялогу і свабодных выбараў. Калі б быў вольна абраны парламент, такія канфліктныя сітуацыі абмяркоўваліся, то было б куды звярнуцца. Але мы бачым, што чалавека збілі, а праўду ён знайсці не можа. Паўсюль кругавая парука. Суддзя верыць толькі словам міліцыянтаў, калі паскардзіцца ў пракуратуру, то цябе адфутболяць да тых, на каго скардзіўся. Пры такіх абставінах павінны найвышэйшыя людзі заступацца, але ў нас ўлада як-небудзь зрэагавала? Цішыня. Таму трэба спачатку змяняць сістэму.
РР: Ваш прагноз: ці адменяць поўнасцю санкцыі?
Лявон Баршчэўскі: Я не прагназіст, але хачу сказаць, што зараз у Еўропы шмат сваіх бягучых праблем. Таму не выключана, што “беларускаму пытанню” проста могуць не надаць вялікай увагі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя