Ці адменяць выбары ў пасялковыя і сельскія саветы?



Дзяржава вымушана будзе вярнуцца да пытання адмены выбараў у пасялковыя і сельскія саветы ў будучыні», – заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. «У пасёлках і вёсках у лепшым выпадку падбіраецца па адным кандыдаце на кожную пасаду дэпутата.

Таму ўносілася падобная прапанова, каб выканаўчая ўлада выконвала свае функцыі, а грамадзяне раілі бы ёй іншым чынам, а не праз дэпутатаў, як іх выконваць», – сказала Ярмошына.

У сваю чаргу эксперт у выбарчым заканадаўстве Сяргей Альфер лічыць, што ў гэтай ініцыятывы іншыя падставы.

– Вельмі цяжка… іх вельмі шмат – саветаў і большая колькасць дэпутатаў выбіраецца ў сельскія саветы. І, паколькі, сельскія саветы маюць абсалютна мала паўнамоцтваў, непрэстыжна працаваць ў гэтых саветах. Таму для ўлады дастаткова вялікая цяжкасць сфармаваць дэпутацкі корпус. Тут пытанне не стаіць пра выбары. Гэта свечыць пра тое, што трэба было падабраць дэпутацкі корпус. І бываюць моманты, калі не дазволяюць выбірацца невялікай колькасці – некалькім дзясяткам чалавек, якія ідуць ад апазіцыі.

Але з іншага боку, адзначае Сяргей Альфер, сельскія і пасялковыя саветы – гэта адна з непасрэдных формаў народаўладдзя, якую адмяніць нельга да той пары, пакуль у Рэспубліцы Беларусь не будзе зменены адміністратыўна-тэрытарыяльны падзел.

Нагадаем, магчымасць адмены выбараў у пасялковыя і сельскія саветы абмяркоўвалася ў ходзе падрыхтоўкі паправак у выбарчае заканадаўства ў 2013 годзе. Аднак ад гэтай ідэі тады вырашылі адмовіцца.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя