Ці адмовілася Расея ад планаў інкарпарацыі Беларусі?



«Не трэба супакойвацца», – папярэджвае палітолаг Алесь Лагвінец.

У сувязі з тым, што расейскі кіраўнік Уладзімір Пуцін і без прэзідэнцкіх выбараў вырашыў пытанне захавання ўлады, некаторыя беларускія аналітыкі ўпэўнены, што такім чынам для Крамля стала неактуальна пытанне інкарпарацыі Беларусі. Ці так гэта?

Алесь Лагвінец: Расея хоча цалкам кантраляваць Беларусь, незалежна ад таго, застаецца фармальны незалежны статус Беларусі альбо не. У геапалітычным плане Беларусь для Крамля – важны плацдарм уплыву на нашых суседзяў.

Таксама Расея хацела б праз стасункі з Беларуссю паказваць прыклад іншым краінам былога Саюза. Маўляў, паглядзіце, як вы можаце выйграваць ад сяброўства з намі. Акрамя таго, усходні сусед зацікаўлены ў танных беларускіх працоўных рэсурсах. Гэта магчымасць для Расеі так ці інакш, але адказваць на дэмаграфічныя выклікі.

Таму і паўтараюць, што беларусы і расейцы практычна нічым не адрозніваюцца. Але калі зыходзіць з гэтага хібнага пастулата, то чаму тады існуе незалежная Беларусь?

РР: Ваш прагноз: паглыбленая інтэграцыя працягнецца?

Алесь Лагвінец: Інтэграцыя – вельмі небяспечная справа для нашай незалежнасці, і мы бачым, што асабістыя інтарэсы вярхоўнай улады Беларусі пакуль падвесілі гэтае пытанне.

Але не трэба супакойвацца. Трэба памятаць, што наша ўлада – гэта расейскі прадукт. Масква была доўгі час спонсарам гэтай улады, а таму і ўнутраная палітыка такая. Унутры Беларусі не робяцца доўгатэрміновыя крокі па ўмацаванні незалежнасці.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя