Ці адмовіцца Каталонія ад незалежнасці?



Сёння кіраўнік каталонскага ўрада адкажа Мадрыду наконт абвяшчэння незалежнасці. 16 кастрычніка мінае тэрмін ультыматума, які Мадрыд прад’явіў Каталоніі. «Калі іспанскі ўрад не атрымае інфармацыі ад Пучдэмона, гэта будзе прыроўнена да абвяшчэння незалежнасці»: так заявіў міністр унутраных справаў Іспаніі Хуан Ігнасіа Соідо.

Гавораць іспанскія студэнты, якія вучацца ў Варшаве.

Марыя: Я лічу, што незалежнасць Каталоніі немагчымая, таму што гэта частка нашай дзяржавы. Немагчыма праводзіць незаконныя рэферэндумы. Не існуе такога закона, згодна з якім гэты рэферэндум быў арганізаваны. Іспанія складаецца з розных рэгіёнаў, але ўсе мы іспанцы. Калі Каталонія хоча быць незалежнай дзяржавай, то павінны выказацца ўсе грамадзяне Іспаніі. Самае галоўнае, гэта абгрунтаванне іх памкнення да незалежнасці. Мне падаецца, Барселона ініцыявала гэтую кампанію для таго, каб прыцягнуць увагу Іспаніі, гэта адзіная сапраўдная прычына. Такім чынам каталонцы спрабуюць прымусіць Мадрыд пачуць іх. Аднак, я пераканана, што гэта паганы метад наладжвання дыялогу, бо ён нелегальны. Кароль паводзіў сябе выдатна, як сапраўдны лідар нацыі, але паводзіны ўраду і паліцыі былі жахлівыя. Яны ўжылі празмерны гвалт супраць грамадзянаў.

Мігі з Іспаніі, з Каталоніі: Мне асабіста патрэбна незалежнасць. Гэта такі від пачуццяў, які цяжка патлумачыць – іх трэба перажыць. Нам не стае пачуцця павагі ад рэшты Іспаніі, ад іспанскага ўраду. Мы не адчуваем належнай сувязі з імі, яны нас не слухаюць. Гэта не азначае, што мы не любім Іспанію альбо іспанцаў. Я вывучаў іх гісторыю, іх літаратуру, я сябрую з іспанцамі. Яны таксама любяць Каталонію, але мне цяжка ўявіць наша далейшае суіснавання, мы маем розную ментальнасць, мы па-рознаму сябе паводзім. Зараз вельмі нестабільная абстаноўка, магчымы гвалт. Адзіная альтэрнатыва гэтаму – дыялог. Мы маем размаўляць зараз(!). Урад Іспаніі не хоча дамаўляцца. Урэшце, мы адчулі, што зможам выжыць самі.

Даніэль Гомэз, з Іспаніі: Вывучаю права ў палітыцы ў Мадрыдскім універсітэце. Я разумею жаданне каталонцаў атрымаць незалежнасць. Яны маюць на гэта права. Але ж яны абралі паганыя сродкі для гэтага. Згодна з нашай Канстытуцыяй, пытанне выхаду рэгіёна са склада Каралеўства вырашаецца на агульнанацыянальным узроўні. Рэферэндум у Каталоніі быў нелегальны, ён не адпавядаў дэмакратычным стандартам. Калі Каталонія канчаткова абвесціць незалежнасць, я сумняюся, што дойдзе да мілітарнага канфлікту. Мадрыду гэта не трэба. Хутчэй за ўсё, урад распачне эканамічны ціск на рэгіён. Я не спадзяюся на хуткае заканчэнне вырашэння праблемы. Трэба пачаць дыялог, трэба размаўляць. Лідары Іспаніі і Каталоніі павінны разам сесці за стол і дамаўляцца. Магчыма гэта будзе іншы статус для Каталоніі.

У выпадку, калі кіраўніцтва Каталоніі пацвердзіць незалежнасць альбо ўстрымаецца ад адказу, згодна з Канстытуцыяй Іспаніі, самакіраванне рэгіёна можа быць абмежавана.

Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава