Ці адважацца бізнесмены дапамагчы на выбарах кандыдатам ад апазіцыі?
Экс-кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў распавядае, чаму падчас прэзідэнцкай кампаніі дэмакратычных прэтэндэнтаў зараней ставяць у няроўныя фінансавыя ўмовы з уладай.
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адзначыла, што кандыдаты ў прэзідэнты нярэдка аддаюць перавагу выкарыстанню грошай ценявым метадам.
“Калі ўспомніць прэзідэнцкія выбары 2010 году, то там толькі тры кандыдаты з дзесяці стварылі фонды, блізкія да максімальна дазволеных памераў, – распавяла яна. – Яшчэ двое-трое, па сутнасці, усяго толькі адкрылі рахункі. Грошы туды альбо не паступалі, альбо прыходзілі ў нязначных сумах. Астатнія кандыдаты карысталіся нелегальнымі сродкамі”.
Рыгор Кастусёў: Асабіста я не прымаю закіды ў свай адрас наконт таго, што карыстаўся нейкімі нелегальнымі сродкамі. А Цэнтрвыбаркаму параіў бы разабрацца, колькі дзяржаўных сродкаў выкарыстоўваў той кандыдат у прэзідэнты, якога падтрымала яна. Там памеры, напэўна, такія, што ўсе астатнія кандыдаты і побач не стаялі.
РР: Вы лічыце, што ў фінансавым плане ўмовы няроўныя?
Рыгор Кастусёў: Адназначна, і не толькі ў фінансавым плане. Хіба можа старшыня ЦВК у адкрытую станавіцца на бок таго ці іншага кандыдата? Я лічу, што не. Ці мае права тады такая камісія даваць папрокі іншым кандыдатам?
РР: Ці вялікія бюджэты мелі дэмакратычныя кандыдаты ў прэзідэнты?
Рыгор Кастусёў: Не думаю. І, калі некаторыя мелі магчымасць плаціць за збор подпісаў, то ў Партыі БНФ і такога не было. Подпісы збіраліся на добраахвотных пачатках, і сябры партыі ведалі, што яны за гэта нічога не атрымаюць. А зараз уявіце, якую кампанію і з якімі дарагімі мерапрыемствамі праводзіла ўлада. Гэта вельмі вялікія грошы.
РР: Апошнія змены ў выбарчым заканадаўстве дазваляюць кандыдату ў прэзідэнты ствараць фінансавы фонд памерам да 9 тысяч базавых велічынь. Гэта ў тры разы больш у параўнанні з 2010 годам. Ці прынясе гэта палёгку апанентам улады, якія будуць балатавацца ў прэзідэнты?
Рыгор Кастусёў: Не прынясе, бо ніякім чынам не паўплывае на дэмакратызацыю выбарчага працэса. Думаю, прадстаўнікі бізнеса папярэджаны, што, калі нехта будзе заўважаны ў падтрымцы апазіцыйных прэтэндэнтаў, то мала не пакажацца. Так што айчынныя бізнесмены дапамагаць апазіцыі не адважацца. Яны адкрытым тэкстам гэта і кажуць. Таму, калі дэмакратычным кандыдатам і ўдаецца знайсці нейкія сродкі, то яны будуць мізерныя.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя