Ці апраўдаюць беларускія ўлады еўрапейскі аванс?
Палітолаг Алесь Лагвінец распавядае пра тое, якія перспектывы адкрываюцца перад беларускімі ўладамі пасля зняцця еўрапейскіх санкцый , і ці змогуць яны імі скарыстацца ў поўнай меры.
Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што Еўропа праз адмену санкцый выдала беларускаму кіраўніцтву своеасаблівы аванс. Як скарыстаюцца ім улады?
Алесь Лагвінец: Адмена санкцыяў ускосным чынам можа паўплываць на рашэнне МВФ, які можа выдаць Беларусі крэдыт, бо відавочна, што слова краін Еўразвязу па гэтым пытанні будзе таксама прымацца да ўвагі. Праўда, шмат што будзе яшчэ залежыць і ад пазіцыі ЗША. Але зараз зняцце санкцыяў дазваляе беларускім уладам казаць: «У нас ёсць пазітыўная дынаміка, давайце яе развіваць далей». Гэта можна меркаваць хаця б па акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску на Кастрычніцкай плошчы 15 лютага. Ні разгону мітынгу, ні затрыманняў не было, а значыцца рэжым паказаў, што здольны самаўстрымлівацца, калі яму гэта патрэбна. Мяркую, гэта будзе працягвацца да таго моманту, пакуль уладзе неабходна будзе пазітыўная дынаміка ў дачыненнях з Захадам. Зрэшты, што датычыцца крэдыта МВФ, то тут таксама не трэба мець вялікіх ілюзіяў, што, маўляў, санкцыі знялі, а значыцца грошы – у кішэні. У Міжнароднага валютнага фонду свае ўмовы. Іншая справа, што іх можна зрабіць больш лаяльнымі. А Еўропа будзе глядзець, якія крокі будзе рабіць афіцыйны Менск у накірунку спрашчэння візавага рэжыму, выканання рэкамендацый АБСЕ, у якім фармаце пройдуць парламенцкія выбары … Зрэшты, гісторыя паказвае, што беларускія ўлады часам могуць прымаць абсалютна непрадказальныя рашэнні.
РР: Тым не менш, ваш прагноз: ці апраўдаюць беларускія ўлады выдадзены еўрапейскі аванс?
Алесь Лагвінец: Калі казаць пра палітычныя ці эканамічныя рэформы, то вялікіх зменаў, думаю, не ўбачым. У гэтай сітуацыі Еўропа быццам бы задаволена і тым, што зменаў да горшага не адбылося. У той жа час ёсць пэўная логіка, якая штурхае афіцыйны Менск насустрач Захаду, да гульні з ім. І я не думаю, што нейкія фундаментальныя рэчы, да якіх ішлі апошнім часам улады, імкліва зменяцца. Змяніцца яны могуць, калі Беларусь спыніць сваё незалежнае існаванне. Дрэнна, што ўладзе спатрэбілася больш за 20 гадоў, каб зразумець, што Беларусі, дзеля таго, каб мацаваць сваю незалежнасць, вельмі важна развіваць адносіны з дэмакратычнай Еўропай.
РР: Адным, словам, нейкія рэпрэсіі супраць апанентаў цяпер не ў планах уладаў?
Алесь Лагвінец: Рэжым будзе сачыць за грамадскімі настроямі. У нас настолькі ўсё закручана ў адмоўны бок, што крыху паслабіць гайкі, застаючыся пры гэтым у плюсе, улада сабе можа дазволіць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя