Ці атрымаецца ў Ізраілі дасягнуць нацыянальнага адзінства?



У Ізраілі працягваецца палітычны крызіс, нягледзячы на тое, што прэм’ер-міністр Ізраіля Бэньямін Нэтаньягу адклаў галасаванне па спрэчных законапраектах да лета. Ці атрымаецца ў Ізраілі дасягнуць нацыянальнага адзінства.

Пра гэта і іншае ў праграме “Госць Рацыі” разважае мысляр, грамадскі актвіст, жыхар Ізраіля Барыс Балтэ.

РР: МЗС Польшчы папярэджвае сваіх грамадзян перад паездкаю ў Ізраіль. Гэта звязана з тым, што адбыліся тэракты на мінулым тыдні, і з рызыкай новых тэрарыстычных актаў рэкамендуюць разгледзець магчымасць адкласці паездкі, пакуль сітуацыя не супакоіцца. Наколькі ўсё сур’ёзна?

Барыс Балтэ: Зараз сапраўды, цяжкаватая сітуацыя ў галіне бяспекі. Звязана гэта з тым, што зараз актывізаваўся арабскі тэрор. Плюс зараз актывізаваўся Іран. Мы бачылі зараз, што тэрор ідзе не толькі з боку ХАМАСа, але зараз мы бачылі абстрэлы, якія былі з боку Лівана. У гэтым ужо напалову дзейнічае Хезбала. Бо яна афіцыйна не брала на сябе адказнасць за тыя абстрэлы на поўначы краіны, а абстрэл быў з боку Сірыі. Трэба адзначыць, што тая групоўка, якая абстрэльвала, так званыя Ахоўнікі Ерусаліма, гэта групоўка, якая з’явілася адносна нядаўна на фоне грамадзянская вайны ў Сірыі. Гэта групоўка, бандыты якой у свой час трэніраваліся ў расейскіх вайсковых навучальных цэнтрах. І гэта бачна, што яны трэніраваліся ў Расеі. Таму што абстрэльваючы Ізраіль, яны абстралялі Іярданію. Так што расейскую вайсковую адукацыю можна пабачыць адразу. Хто ведае, што такое Расея, адразу зразумее, што без Масквы тут не абышлося.  Ва ўсялякім разе, без маскоўскай адукацыі.

РР: З чым звязаная гэтая актывізацыя?

Барыс Балтэ: Звязаная яна па-першае, з тым, што зараз вельмі добры момант, бо ў Ізраілі геапалітычная крыза. Што краіна сапраўды падзялілася на дзве часткі.

Прычым, ёсць агрэсіўныя структуры з аднаго і другога боку, якія падрываюць тое любімае ізраільцянамі нацыянальнае адзінства, што мы ў цяжкі час аб’ядноўваемся. І з таго, што Іран  праводзіць новую хвалю антыізраільскай палітыкі. Таму што мы ведаем, што яны замірыліся зараз з Саудаўскай Аравіяй.

РР: Наконт палітычнага крызісу. З аднаго боку, замарожваюцца гэтыя спрэчныя рэформы. Але крызіс усё роўна працягваецца.

Барыс Балтэ: Ён стаў не такім радыкальным. Сапраўды, гэтае рашэнне замарозіць рэформы – гэта быў добры крок. Ён крыху прытармазіў пратэстную актыўнасць.

РР: Ваш прагноз, ці будзе ўлетку вырашаны гэты палітычны крызіс? Ці атрымаецца зноў знайсці адзінства?

Барыс Балтэ: Тут шмат фактараў. Залежыць таксама ад таго, хто возьме верх у пратэстах. Калі возьмуць верх цэнтрысты, якія зараз набіраюць большасць, магчыма, яны прыйдуць да нейкага пагаднення. Калі будуць трымаць верх у пратэстах радыкалы, тады наўрад што атрымаецца. Таму што гэтыя людзі патрабуюць проста спыніць рэформы ўвогуле.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя