Ці баіцца ўлада байкоту выбараў?



Намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч распавядае, ці дзейсная ў сёняшніх умовах тактыка тых, хто агітуе не хадзіць на выбарчыя ўчасткі.

Юрась Губарэвіч: Механізм правядзення выбараў настолькі адладжаны беларускімі ўладамі, што абсалютна не важна, ці прыйдзе выбарца на ўчастак, і каму ён аддасць свой голас, альбо не аддасць нікому. Мы не раз сутыкаліся з сітуацыяй, калі сябры ўчастковых камісій ці нават іх кіраўніцтва не былі ў курсе, за каго ў рэшце рэшт прагаласавалі людзі. Бюлетэні датэрміновага галасавання маглі падмяніць, іх вынікі істотна адрозніваліся ад лічбаў таго дня, калі было асноўнае галасаванне. У прынцыпе, лісты не падлічваюцца публічна і адкрыта, і такіх прыкладаў можна прыводзіць шмат. Тое самае можа адбыцца і з яўкай выбарцаў. У назіральнікаў няма доступу да кнігі ўліку выбарцаў, яны не могуць праверыць, ці адпавядае заяўленая колькасць рэальнай колькасці подпісаў у кнігах бюлетэняў. Падлікі, якія назіральнікі вядуць уласнаручна на ўчастках, не прымаюцца да ведама камісіямі. Да прыкладу, мы сутыкаліся аднойчы з такой сітуацыяй падчас кампаніі парламенцкіх выбараў. Тады, па дадзеных нашых назіральнікаў, якія татальна сядзелі на ўсіх участках, прыйшло недзе 6-8 адсоткаў выбарцаў, а камісія запісала яўку больш за 50 адсоткаў. Галоўнае – аспрэчыць гэта ніякім чынам немагчыма. Суды не прымаюць да разгляду такія вусныя сведчанні назіральнікаў. Яны вераць пратаколам выбарчых камісій. Таму заклікі да байкоту ніякім чынам не паўплываюць і на гэтыя выбары. Яны пройдуць па той жа схеме, якую ўжо заклала ўлада.

РР: Можа быць, такія заклікі могуць мець нейкае маральнае значэнне?

Юрась Губарэвіч: Тут таксама цяжка сказаць, бо, як бы там не было, але частка беларусаў прызвычаілася хадзіць на выбарчыя ўчасткі і робяць свой выбар у апошнюю чаргу, гледзячы на стэнды з біяграфіямі кандыдатаў.

РР: Таццяна Караткевіч раіць прыйсці на выбарчыя ўчасткі, тыя ж Някляеў і Статкевіч кажуць пра адваротнае. Можа ёсць нейкая залатая сярэдзіна?

Юрась Губарэвіч: Думаю, пазіцыя ні аднаго боку, ні другога ні на што не паўплывае. Маю на ўвазе вынік выбараў. Адзінае, што магло б нешта змяніць на сёлятніх выбарах, – гэта наяўнасць адзінага кандыдата ад усёй апазіцыі і адпаведна – яго моцная кампанія. Каб людзі паверылі, што ёсць рэальная альтэрнатыва, што трэба ісці, каб галасаваць за моцную кандыдатуру, якая можа замяніць дзеючага кіраўніка. На жаль, мы не маем такой сітуацыі. Цягнік сышоў яшчэ напрыканцы мінулага году, калі апазіцыя не здолела дамовіцца пра вылучэнне адзінага.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя