Ці будуць перамовы з уладальнікамі рэстарацыі ў Курапатах?



Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў распавядае, чаму ён па-ранейшаму выступае за дыялог паміж абаронцамі Курапатаў і ўладальнікамі рэстарацыі.

Некалькі тыдняў таму старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў абвясціў пра прыпыненне сваёй працы па арганізацыі перамоваў з уладальнікамі рэстарацыі “Поедем, поедим” у Курапатах.

“Справа з арганізацыяй перамоваў зайшла ў тупік”, — паведаміў палітык.

Рыгор Кастусёў: Я па-ранейшаму лічу, што трэба вярнуцца да перамоваў. На мінулым тыдні я быў у Курапатах, калі варту несла наша партыя, і меў кароткую размову з дырэктаркай рэстарацыі. Наколькі я зразумеў, кіраўніцтва ўстановы і яе ўладальнікі ўсё-такі гатовы вярнуцца да абмеркавання магчымага дыялога.

Калі абаронцы Курапат пагадзяцца на гэта, то за стол перамоваў павінны сесці ўсе бакі: пікетоўцы, бізнесмены, прадстаўнікі мясцовых уладаў, Міністэрства культуры, дэпутаты парламента, якія таксама праўляюць некаторую цікавасць да сітуацыі. Вось у такім складзе было б вельмі добра сустрэцца і спакойна абмеркаваць, якім чынам можна знайсці кампраміс. Таму што, як мы бачым, канфрантацыя зацягнулася і пакуль што не бачна, як яе можна разруліць.

РР: У свой час вы сказалі, што сітуацыя тупіковая…

Рыгор Кастусёў: У тупік яна зайшла пасля сутычкі паміж абаронцамі Курапатаў і ахоўнікамі бізнесменаў. Пасля гэтага разбурыліся ўсе напрацоўкі і дамоўленасці, хаця праз два тыдні павінны былі прайсці першыя перамовы па падрыхтоўцы “Круглага стала”. Вельмі шкада, што так атрымалася, бо, як мне падаецца, адкрытае супрацьстаянне праблему не вырашыць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя