Ці будуць у Беларусі выбары па партыйных спісах?



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі „За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка распавядае, ці патрэбна ў Беларусі сістэма выбараў па партыйных спісах, калі такую ўвядуць у краіне.

Пра ідэю пераходу на выбары па партыйных спісах казалі напрыканцы года прадстаўнікі Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Кампанія “Гавары праўду” з гэтай нагоды таксама зрабіла заяву, што ў такім выпадку яна будзе рухацца ў бок стварэння партыі.

Віктар Карняенка: Выбар па партыйных спісах у добрых умовах дае развіццё палітычнай сістэме і гэта пажадана, але ж у нас галоўнае пытанне не ў гэтым. Калі ў Беларусі па-ранейшаму не будзе сапраўднага падліку галасоў, застануцца прызначэнні дэпутатаў і фальсіфікацыі, то ўсе новаўвядзенні застануцца малаэфектыўнымі. Так што не трэба вельмі моцна гэтым захапляцца.

РР: Але самі партыі павінны быць задаволены новай сістэмай?

Віктар Карняенка: Нейкае задавальненне, мабыць, атрымаюць, з’явіцца пэўны інтарэс… Але ўсё ж былі і застаюцца тры пункты, з якіх трэба пачынаць рэфармаванне выбарчай сістэмы. А пасля ўжо весці гутарку пра выбары па партыйных спісах. І гэтыя тры пункты ўсім даўно вядомыя – празрысты падлік галасоў, гарантаванае месца прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці ў камісіях, парадак з датэрміновым галасаваннем. Хаця з апошнім ёсць пэўныя складанасці. Бо Цэнтрвыбаркам тлумачыць міжнародным экспертам, што ўсё робіцца найперш для людзей. Хаця зразумела, што ў беларускіх умовах – гэта цудоўная база для фальсіфікацый.

А ўвогуле я лічу, што сёння апазіцыя ў стане наладзіць сур’ёзны кантроль за падлікам галасоў паводле нават дзеючага заканадаўства. У Менску, напрыклад, крыху больш за 700 выбарчых участкаў. Дык што, цяжка знайсці 700 чалавек, якія сваім тэлефонам зробяць фотакопіі выніковых пратаколаў? А гэта ўжо матэрыял для аналізу. І ў гэтым выпадку сістэма нярэдка дае збоі. Гэта як мінімум разбалансуе сістэму фальсіфікацый.

РР: Але ж усе зыходзяць са сваіх магчымасцей і наяўнасці рэсурсаў…

Віктар Карняенка: Тут і насамрэч праблема. Бо калі ў 2001 годзе ў апазіцыі было каля 10 тысяч назіральнікаў, то сёння 20 партый разам могуць толькі 500 назіральнікаў прадаставіць. Але апазіцыі трэба правільна кіравацца прыярытэтамі. Мне падаецца, што зараз большая ўвага надаецца распрацоўцы нейкіх альтэрнатыўных праграм, але гэта ўсё ўжо праходзілі. Трэба канцэнтраваць увагу на змене правілаў, і вось тут добрая формула для супрацы і левых, і правых. А ствараць ілюзію палітычнага змагання нават з выбарамі па партыйных спісах – неперспектыўная справа.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя