Ці будуць у новым парламенце апазіцыйныя дэпутаты?



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыіЗа справядлівыя выбарыВіктар Карняенка распавядае, ці патрэбна сёння ўладзе ў парламенце “канструктыўная апазіцыя”.

Падчас мінулых выбараў у Палату прадстаўнікоў дэпутацкія мандаты атрымалі сёняшняя старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім і сябра Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Ганна Канапацкая, якіх называлі прадстаўнікамі ад дэмакратычнай грамадскасці. А як будзе гэтым разам?

Віктар Карняенка: Я не выключаю, што ў Палаце прадстаўнікоў з’явяцца новыя персоны ад так званай дэмакратычнай грамадскасці, а, магчыма, і Канапацкую з Анісім пакінуць на другі тэрмін. Яны ж асабліва не дакучалі ўладзе вострымі пытаннямі, а кожная займалася сваёй справай.

Ганна Канапацкая спачатку падняла праблему правядзення празрыстых выбараў, а затым неяк сцішылася і пачала займацца пытаннямі эканомікі і бізнеса. Алена Анісім лабіравала пытанні беларускай мовы і культуры, але гэта, натуральна, не перашкаджала ўладзе рабіць сваю справу. Таму, можна сказаць, эксперымент быў больш-менш удалы, і многія заходнія палітыкі палічылі гэта за відавочны дэмакратычны прагрэс.

РР: Гэта такая новая камбінацыйная палітыка ўлады?

Віктар Карняенка: Так, яны зразумелі, што ў шахматах апанента можна не толькі біць дошкай па галаве, але і распрацоўваць выйгрышныя для сябе камбінацыі, якія прыносяць плён і дывідэнды. Таму, як мне падаецца, на фоне паляпшэння стасункаў з Захадам гульня ў “дэмакратычных дэпутатаў-пераможцаў” працягнецца.

РР: Думаеце, гэтыя кандыдатуры будуць узгадняцца ў Чырвоным доме?

Віктар Карняенка: Безумоўна, у парламент ніколі не патрапяць тыя, хто сапраўды можа там узняць свой голас. Я, да слова, да той жа Алены Анісім аніякіх прэтэнзій не маю, бо яна так разумее і выконвае сваю місію ў парламенце – прасоўваць беларускую мову і культуру.

Але што, няма ў краіне іншых праблем? Карумпаванасць ва ўладзе, абсалютна непразрыстыя выбары, рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў і прадстаўнікоў грамадскасці… Таму, калі і будуць абраны новыя “дэмакратычныя” дэпутаты, то тыя, якія будуць знаходзіцца пад кантролем. Уладзе не патрэбны людзі, якія будуць некалькі год псаваць ёй настрой.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя