Ці будзе эфект ад татальнага назірання на выбарах?
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў распавёў, што ў рэальнасці можа даць татальнае назіранне.
Нацыянальны каардынатар кампаніі “Права выбару” Алесь Сілкоў паведаміў, што падчас парламенцкіх выбараў прадстаўнікі кампаніі будуць весці татальнае назіранне за ходам выбараў у 15 акругах.
“Назіральнік будзе прысутнічаць на ўчастку кожную секунду”, – дадаў Алесь Сілкоў.
РР: Мяркуеце, што татальнае назіранне нешта зменіць у агульнай карціне па выніках выбараў?
Рыгор Кастусёў: Няма такіх ілюзій, але ў кампаніі крыху іншая мэта – паказаць беларускаму грамадству і міжнароднай супольнасці, як праходзяць выбары ў Беларусі. Паказаць, якая насамрэч яўка выбарцаў, ці маюцца фальсіфікацыі. Менавіта праз татальнае назіранне можна ўбачыць рэальную карціну выбарчага працэса.
РР: Адным словам, рэальнага ўплыву татальнае назіранне мець не будзе?
Рыгор Кастусёў: Магчыма, калі ва ўчастковых камісіях убачаць такую пільную ўвагу назіральнікаў, то пабаяцца ладзіць фальсіфікацыі, што называецца, адкрытым тэкстам. Але, натуральна, калі захочуць прасунуць неабходнага кандыдата, то складанасцей, мяркую, гэта не складзе. Бо Цэнтрвыбаркам не змяніў самую галоўную норму – падлік галасоў.
І тут насамрэч ніякае татальнае назіранне не дапаможа, бо падлік галасоў па-ранейшаму – гэта такі таемны працэс, да якога дапускаюцца толькі абраныя прадстаўнікі ад дзяржавы. Ні незалежных назіральнікаў, ні прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці падчас гэтага працэса няма.
І тут пытанне. Калі вы кажаце, што выбары ў Беларусі праходзяць у суадноснасці з міжнароднымі нормамі, то чаму баіцеся зрабіць такі празрысты падлік? Для мяне тут адказ відавочны. Калі б выбары сапраўды былі празрыстымі, у парламенце былі не прызначаныя ўладай, а зусім іншыя людзі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота narodny.org