Ці будзе плён ад перамоваў па правах чалавека?
“Дыялог паміж афіцыйным Менскам і ЕЗ можа легалізаваць аўтакратычны беларускі рэжым”, – лічыць праваабаронца Алесь Бяляцкі.
У Бруселі адбыўся першы раўнд дыялогу па правах чалавека па лініі Беларусь — ЕЗ. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе МЗС.
„У ходзе дыялогу былі абмеркаваныя розныя пытанні, уключаючы стварэнне нацыянальнага інстытута па правах чалавека, тэматыку свабоды слова, выказвання і сходаў, прымянення смяротнага пакарання, барацьбы са зневажаючымі чалавечую годнасць відамі абыходжання, а таксама захавання правоў дзіцяці”, – распавялі ў прэс-службе.
Алесь Бяляцкі: За некалькі дзён да пачатку гэтага дыялогу праваабарончы цэнтр “Вясна” і Міжнародная федэрацыя па правах чалавека накіравалі сумесны ліст амбасадарам ЕЗ па палітыцы і бяспецы, а таксама сябрам Працоўнай групы па правах чалавека і сябрам Працоўнай групы па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі. Мы коратка ахарактэрызавалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і адзначылі, што з моманту апошняга дыялогу, якія праходзіў у 2009 годзе, сітуацыя вызначалася пагаршэннем. Гэта сведчыць пра адсутнасць палітычнай волі ва ўлады для прасоўвання рэформаў, дэмакратызацыі. У свой час такі дыялог быў задуманы, як форум для абмеркавання магчымых дасягненняў з уладамі, якія гатовыя палепшыць сітуацыю.
РР: Што прынясуць перамовы па правах чалавека Беларусі і Еўразвяза?
Алесь Бяляцкі: Ёсць небяспека, што дыялог можа легалізаваць аўтакратычны беларускі рэжым, а таму Еўразвяз павінен быць асцярожным у перамовах і заўсёды памятаць пра галоўную мэту, якая была закладзена ў гэтых дыялогах з самага пачатку. ЕЗ павінен патрабаваць шэраг перадумоваў для будучай нармалізацыі адносін. І гэтыя перадамовы ўключаюць вызваленне палітвязняў, прыняцце фармальнай палітычнай дэкларацыі з боку беларускага ўраду, якая б утрымлівала шэраг ключавых рэформаў. Дыялог павінен забяспечыць канструктыўны ўдзел у перамоўным працэсе і незалежнай грамадзянскай супольнасці. Каб гэтая супольнасць была рэальным суб’ектам перамоваў. І, у рэшце рэшт, дыялог павінен выліцца ў нейкую дарожную карту па правах чалавека, дзе беларуская ўлада ўзяла б на сябе абавязкі па паляпшэнні сітуацыі ў гэтай вобласці. Усё гэта было акрэслена ў нашым лісце.
РР: Ці можа дыялог паспрыяць вызваленню палітвязняў?
Алесь Бяляцкі: Думаю, пытанне палітвязняў падчас дыялогу павінна стаяць пад нумар адзін. І, калі яго акрэсляць яшчэ раз, то, можа быць, гэта і паспрыяе вызваленню палітзняволеных. Але тут, натуральна, усё ўпіраецца ў палітычную волю уладаў. Гэта пытанне палягае не ў вобласці закону, а ў палітычнай плоскасці.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя