Ці будзе пратэстоўная вясна?



Экс-дэпутат Вярхоўнага Савета і вядомы прафсаюзны актывіст Сяргей Антончык прагназуе, ці чакае вясной Беларусь новая хваля пратэстаў.

Сяргей Антончык: Як чалавек, які прымаў удзел у пратэстовых акцыях у 90-я гады, хачу сказаць так: ёсць законы жанру, драматургія. Палітыка і пратэсты – гэта ўсё вялікае шоу. І добра не так даўно сказаў Няўзораў: “Калі антракт доўга зацягваецца, то глядач можа спектакль і не даглядзець”.

У гэтым сэнсе ў мяне вельмі крытычнае стаўленне да тых аптымістаў, якія мяркуюць, што вясной ізноў выйдуць на вуліцы сотні тысяч беларусаў. Антракт зацягнуўся, а рэпрэсіі ўзмацніліся. У такой сітуацыі, як мне падаецца, людзі не выйдуць на вуліцу. Яны выйдуць у тым выпадку, калі рэжым ізноў утворыць нейкія рэчы, якія абураць людзей да такой ступені, што ізноў пачнуць пратэставаць.

РР: А як жа заходнія „куклаводы”, якія, на думку рэжыму, і арганізавалі пратэсты ў мінулым годзе?

Сяргей Антончык: Пратэсты найперш арганізавалі самі ўлады. Народ абурыўся тым, як нахабна яго падманулі падчас выбараў, але лепш, натуральна, казаць пра нейкіх „куклаводаў”, чым успамінаць, з чаго, уласна кажучы, усё і пачалося.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя