Ці будзе рэакцыя на заяву былога спецназаўца?
Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла патлумачыў, чаму заявы Юрыя Гараўскага могуць застацца без увагі ўладаў.
Нагадаем, на ютуб-канале нямецкага СМІ «Дойчэ Веле» з’явілася відэаінтэрв’ю з былым байцом спецыяльнага атрада хуткага рэагавання Юрыем Гараўскім, у якім ён прызнаецца, што ўдзельнічаў у забойстве экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, былога кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага.
Гараўскі падрабязна распавёў, як ён удзельнічаў у выкраданні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму.
Гары Паганяйла: Па вялікім рахунку, калі чалавек прызнаўся ў забойстве, то беларускія следчыя органы павінны былі нейкім чынам адрэагаваць. Маглі б дапытаць Гараўскага альбо па відэканферэнцыі, альбо выехаць на месца і сустрэцца з чалавекам. І, безумоўна, трэба было б аднаўляць прыпыненую справу аб знікненні таго ж Ганчара і Захаранкі.
РР: Але пакуль афіцыйных заяў з гэтай нагоды мы не пачулі…
Гары Паганяйла: У тым і справа, што рэакцыі наогул можа ніякай і не быць. Калі за дваццаць гадоў улады не расследвалі справу аб знікненні палітыкаў, то відавочна, што не будуць яны гэта рабіць і зараз, якія б гучныя заявы не прагучалі.
У любы момант можна сказаць, што той жа Гараўскі хоча атрымаць палітычны прытулак, а таму за грошы можа нагаварыць усё што ведае і не ведае, а таму яго словам не варта надаваць увагі.
Каб расследваць гэтую гучную справу, адных заяў былых спецназаўцаў мала. Патрэбна палітычная воля ўладаў, каб справа была раскрыта. А ў іх няма на гэта ні волі, ні жадання.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота spring96.org