Ці будзе Сяргей Калякін удзельнічаць у “палітычнай вакханаліі”?
Кіраўнік Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін распавядае пра магчымы ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі, а таксама пра палітыку і “вакханалію” ў краіне.
Беларускі кіраўнік днямі заявіў, што Беларусь неўзабаве чакае «палітычная вакханалія» і працягнецца яна «мінімум паўтара года», а выбарчая кампанія «ніколі не дадавалі стабільнасці грамадству».
Сяргей Калякін: Пра ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі яшчэ рана казаць, хаця, думаю, будзем прымаць удзел. Пытанне ў тым: будзе гэта рэальны ўдзел у выбарах альбо проста ў палітычнай кампаніі? Пабачым, што на той час будзе адбывацца ў краіне, і што да таго часу адбудзецца. Яшчэ шмат часу да выбараў. Ніхто не ведае, якімі яны будуць.
РР: На ваш погляд, наступныя выбары будуць нечым адрознівацца ад папярэдніх?
Сяргей Калякін: У мяне такіх ілюзій няма. Ва ўсялякім выпадку, пакуль для гэтага няма ніякіх падстаў. На гэты момант дзяржава не выканала ніводнага абавязальніцтва, якое б зрабіла выбары празрыстымі і дэмакратычнымі. Наўрад ці яны будуць такімі.
РР: А чаму беларускі кіраўнік так зняважліва называе выбарчую кампанію “палітычнай вакханаліяй”?
Сяргей Калякін: Улада баіцца адкрытых выбараў, вось іх і ўзнагароджваюць рознымі вобразамі. Ва ўсім свеце выбары – гэта важнае мерапрыемства, праз якія ажыццяўляецца палітычная воля народа і выбіраецца кіраўнік краіны. І калі апошні называе гэты працэс “вакханаліяй”, значыцца, напэўна, не лічыць, што гэта легітымны працэс.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя