Ці будзе ў Беларусі і Расеі агульны ўрад і парламент?



Лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў прагназуе, ці магчыма стварэнне беларуска-расейскіх наднацыянальных органаў.

Пасол Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка выказаўся наконт таго, што кіраўнікі Беларусі і Расеі дамовіліся перайсці на ўніфікаванае падатковае заканадаўства, стварэнне адзіных рынкаў нафты, газу і электраэнергіі, а таксама вырашылі “стварыць адзіныя парламент і ўрад з пэўнымі паўнамоцтвамі”.

Ігар Барысаў: Калі з’явіцца агульны ўрад і парламент, то для Беларусі гэта будзе проста катастрофа. Фактычна гэта руйнаванне ўсяго таго, да чаго імкнулася краіна, пачынаючы з моманту развала Саюза.

РР: Ці не прывядзе гэта Беларусь да аўтаматычнай страты незалежнасці?

Ігар Барысаў: Складана казаць, бо мы нават не ведаем, што збіраюцца падпісаць кіраўнікі. Мы не бачылі тэкст, а ўся экспертная дэмакратычная супольнасць робіць высновы, толькі зыходзячы з агульнай сітуацыі.

Але, натуральна, грамадства хвалюецца. З аднаго боку мы бачым, што за 20 гадоў існавання Саюзнай дзяржавы яны не здолелі выбудаваць нармальныя стасункі, і, магчыма, тэндэнцыя працягнецца.

Але тое, што Масква ўваскрэсіла старую дамову, і бакі пачалі рабіць нейкія целарухі, каб яе рэаніміраваць, выклікае пачуццё небяспекі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org