Ці будзе ў Беларусі яшчэ адна расейская ваенная база?



Палітык Анатоль Лябедзька распавёў, ці патрэбна беларускім уладам расейская ваенная база.

У апошні час у звязку з тым, што на тэрыторыі Польшчы можа з’явіцца амерыканская ваенная база, некаторыя аналітыкі прагназуюць, што і на тэрыторыі Беларусі можа быць размешчана яшчэ адна расейская база. Наколькі гэта верагодна?

Анатоль Лябедзька: Расейская ваенная база ў Беларусі – гэта адзін з пунктаў палітычнай беларуска-расейскай павесткі дня. Ініцыятар пытання – Крэмль. І гэта адначасова праблема для афіцыйнага Менска. Вышэйзгаданае пытанне перыядычна ўзнікае, як толькі беларускі бок пачынае размовы пра нейкія прэферэнцыі: газавыя, нафтавыя альбо сельскагаспадарчыя. Масква пасля гэтага адразу ўстаўляе ў павестку дня і пытанне ваеннай базы у Беларусі. Гэта інструмент ціску на беларускую ўладу.

РР: Беларускі бок не зацікаўлены ў з’яўленні такой базы на сваёй тэрыторыі?

Анатоль Лябедзька: Натуральна, не зацікаўлены, бо можа атрымацца паўтарэнне ўкраінскага сцэнара. Там такую функцыю выконвала расейская ваенная база ў Севастопалі, адкуль, па сутнасці, і пачыналіся крымскія падзеі. Гэта свежая гісторыя, таму беларуская ўлада разумее, якія пагрозы і выклікі нясе ў сабе новая ваенная база. Але ў бліжэйшы час пытанне ўсё роўна не знікне з павесткі дня, бо Расея будзе выкарыстоўваць той момант, што ў Польшчы з’явіцца амерыканская ваенная база. Гэта, натуральна, узмацняе расейскую рыторыку і іх патрабаванні да Лукашэнкі. Прагназую, што беларускім уладам будзе вельмі складана супрацьстаяць Крамлю.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя