Ці будзе выкарыстаны патэнцыял “Усходняга партнёрства”?
Палітолаг Алесь Лагвінец распавядае пра перспектывы ўдзелу Беларусі ў праграме “Усходняе партнёрства”.
Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей 4 мая ў Празе ўзяў удзел у сустрэчы міністраў замежных спраў краін Вышаградскай групы і краін — удзельніц ініцыятывы ЕЗ „Усходняе партнёрства”.
Як паведамляе прэс-служба МЗС, былі разгледжаныя пытанні, што тычацца развіцця сітуацыі ў рэгіёне Усходняга партнёрства, наяўнага стану і перспектыў рэалізацыі гэтай ініцыятывы, а таксама двухбаковага супрацоўніцтва Еўразвяза з кожнай з шасці краін УП.
Алесь Лагвінец: Калі ўвогуле казаць пра праграму “Усходняе партнёрства”, то гэта пакуль не цалкам напоўненая ініцыятыва. Але Беларусь нават гэты нявыкарыстаны патэнцыял не можа скарыстаць. Яна знаходзіцца ў хвасце краінаў, якія ўдзельнічаюць у межах гэтай ініцыятывы. Тым не менш, трэба сказаць, што сам па сабе ўдзел міністра замежных спраў Беларусі ў ініцыятывах цэнтральнаеўрапейскіх краін, у сустрэчах Вышаградскай групы, – ён вельмі пазітыўны. Беларусі трэба набліжацца да еўрапейскай супольнасці, бо да гэтага часу рэжым вырашыў самаізалявацца. Калі месца нашай краіны ў Цэнтральнай Еўропе, тады трэба выкарыстоўваць напоўніцу такія магчымасці. Іншая справа, ці дазваляе гэта сёння зрабіць прырода беларускага рэжыма.
РР: Ва ўлады ёсць шчырае жаданне прымаць удзел у праграме?
Алесь Лагвінец: Вось тут у мяне вельмі моцныя сумневы.
РР: Ці можна з удзелу ў ініцыятыве “Усходняе Партнёрства” атрымаць нейкія грошы?
Алесь Лагвінец: Безумоўна, нейкія супольныя праекты могуць быць. Ёсць Вышаградскі фонд, ёсць грошы, якія выдаткоўваюцца ў межах праграмы. Па вялікаму рахунку, Беларусі павінен быць вельмі карысным і досвед развітых краінаў. У першаю чаргу, што тычыцца рэфармавання. Але галоўнае, каб было жаданне і з боку афіцыйнага Менска. Не выключаю, што для беларускіх уладаў у першую чаргу важныя інфраструктурныя праекты, куды можна “закапаць” грошы і выкарыстаць іх “пад сябе”. Хаця кожны праект, які будзе падлягаць міжнароднаму кантролю, быў бы карысным для краіны.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя