Ці будзе які-небудзь эфект на выбарах ад “плана Някляева”?
Мікалай Статкевіч адгукнуўся на прапанову Уладзіміра Някляева вылучыць палітвязня адзіным кандыдатам ад апазіцыі на выбарах прэзідэнта ў 2015 годзе. Ці будзе які-небудзь эфект на выбарах ад “плана Някляева”? Пра гэта разважае палітолаг Валеры Карбалевіч.
«Ён чытаў у «Народнай волі» пра прапанову Някляева вылучыць Міколу адзіным кандыдатам на прэзідэнта, – паведаміла Радыё Свабода жонка Статкевіча Марына Адамовіч. – Па-першае, падзякаваў Някляеву за падтрымку, а па-другое, даў згоду на вылучэнне, калі такое пагадненне будзе дасягнутае».
РР: Наколькі, на ваш погляд, будзе эфектыўным такі варыянт правядзення апазіцыяй прэзідэнцкай кампаніі-2015?
Валеры Карбалевіч: Шчыра кажучы, сапраўды эфектыўных варыянтаў правядзення кампаніі апазіцыяй я на гэты момант наогул не бачу. Таму да любога з такіх варыянтаў можна паставіцца крытычна. План жа, які прапанаваў Някляеў, інакш называецца байкотам выбараў у своеасаблівай форме. Нават калі ўявіць, што Статкевіч і выйдзе з турмы да выбараў, то, паводле закона, ён не зможа балатавацца, і яго проста не зарэгіструюць. А гэта значыць, што паўнавартасна праводзіць выбарчую кампанію нельга, а сітуацыя з дублёрам толькі заблытае людзей. Спачатку народ будуць агітаваць за Статкевіча, а затым, калі яму адмовяць у рэгістрацыі, за тры месяца да выбараў прапануюць іншую кандыдатуру. Відавочна, што будзе ўжо позна.
РР: Някляеў збіраецца такім чынам прымусіць улады праводзіць дэмакратычныя выбары…
Валеры Карбалевіч: Сёння цяжка ўявіць, што нешта можа прымусіць рэжым праводзіць дэмакратычныя выбары, таму што не той настрой грамадства, якое зараз арыентавана на іншае. Ды і Захад, напэўна, не вельмі цікавіць гэтая праблема, бо зараз для яго ёсць больш важныя кірункі.
РР: У такіх умовах які для апазіцыі быў бы найлепшы варынт?
Валеры Карбалевіч: Паўтаруся – не бачу такіх. План Някляева не дасць таго эфекту, на які разлічаны. Улада не пойдзе на рэформы выбарчага заканадаўства, а пагроза байкота таксама нікога моцна не напужае. Бо байкот па-беларуску азначае, што не прагаласуе дэмакратычны электарат. Затое прыйдуць тыя, хто не вызначыўся альбо падтрымлівае ўладу. І гэтага будзе дастаткова, тым больш што за доўгія гады ў нас ужо навучыліся забяспечваць яўку выбарцаў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя