Ці былі ў Анісім і Канапацкай шанцы патрапіць у дэпутаты другі раз?



Палітолаг Сяргей Нікалюк тлумачыць, чаму дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ганна Канапацкая сталі непатрэбны ўладзе.

Калі старшыня ТБМ Алена Анісім і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкай патрапілі ў парламент, некаторыя называлі гэта дэмакратычным прагрэсам. І нават выказвалі меркаванне, што Анісім і Канапацкая могуць атрымаць дэпутацкі мандат і другі раз запар. Але не атрымалася. Як вядома, іх нават не зарэгістравалі кандыдатамі.

Сяргей Нікалюк: Празрыстых выбараў у Беларусі няма, таму ў гэтым выпадку трэба казаць пра шанцы для Анісім і Канапацкай патрапіць у парламент з пазіцыі і рашэння зверху. На мой погляд, гэтыя два дэпутаты надзеі ўладаў не апраўдалі. Яны былі па-свойму актыўныя, і ўлада вырашыла, што хопіць ім і аднаго тэрміну. Другі тэрмін азначаў бы для іх нейкае замацаванне, наданне ім дадатковага статуса, а гэта ўладзе не патрэбна. Хаця тыя ж Анісім і Канапацкая падчас працы ў парламенце нічым асабліва гэтай уладзе і не нашкодзілі.

РР: Замест іх ці з’явіцца ў парламенце новыя прадстаўнікі ад так званай апазіцыі?

Сяргей Нікалюк: Не выключана, бо гэта будзе суадносіцца з агульным фонам у знешняй палітыцы. Зараз у беларускіх уладаў пацалункавы перыяд і з Еўропай, і з ЗША, мы заяўляем пра тое, каб зрабіць Менск пляцоўкай для дыялога. Таму лагічна было б прапусціць у парламент яшчэ некалькі дэмакратычных кандыдатаў.

Зрэшты, гэта ніякай ролі не гуляе. Галоўнае, што Беларусь і ў XXI стагоддзі застаецца краінай, дзе немагчыма правядзенне такога базавага сучаснага мерапрыемства, як выбары. У нас курс не карэктуецца ўжо 25 гадоў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя