Ці чакаць беларусам выбараў у 2019 годзе?



У 2019 годзе варта чакаць правядзення выбараў у Палату прадстаўнікоў. Такое меркаванне выказаў палітык Уладзімір Кацора. Згодна з календаром Цэнтрвыбаркама, парламенцкія і прэзідэнцкія выбары мусяць адбыцца ў 2020-м годзе. Аднак, як заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, праводзіць дзве кампаніі ў адзін год немэтазгодна. На думку Уладзіміра Кацоры, выбары ў Палату прадстаўнікоў могуць спалучыць з рэферэндумам. 

Калі ўважліва слухаць і аналізаваць выказванні Ярмошынай, то ў 2019 годзе будуць усё ж парламенцкія выбары. Хутчэй за ўсё, яны будуць спалучаныя з рэферэндумам па нейкіх паўнамоцтвах прэзідэнта. Скажам, з 5 да 7 гадоў будуць падоўжаны гэтыя паўнамоцтвы з адабрэння народа.

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў лічыць, што падчас рэферэндуму можа быць уведзеная прапарцыйная альбо змешаная выбарчая сістэма.

– Інтрыга будзе на самым пачатку. Усім будзе цікава паўдзельнічаць ужо ў кампаніі ў новай якасці, па партыйным спісе, але на выхадзе атрымаецца так званы парламент з прадстаўнікоў “Белай Русі” і, магчыма, Камуністычнай партыі Беларусі. Потым у 2020 годзе прэзідэнта будуць абіраць, ці прызначаць, ці перапрызначаць ужо на сямігадовы тэрмін.

Цэнтрвыбаркам пакуль не паведамляе, якія выбары адбудуцца першымі: парламенцкія ці прэзідэнцкія.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель