Ці чакаюць кандыдатаў у прэзідэнты рэпрэсіі?
“Верыць на слова беларускай уладзе не даводзіцца”, – мяркуе былы кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў.
У Еўразвязе спадзяюцца, што прадстаўнікі АБСЕ і еўрапейскіх праваабарончых арганізацый змогуць удзельнічаць у назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі, заявіў БелаПАН дзяржсакратар МЗС Латвіі Андрэйс Пілдэговічс.
„Спадзяёмся, што будуць магчымасці для плюралістычнай кампаніі, для ўдзелу незалежных кандыдатаў”, – сказаў дыпламат.
Ён асабліва падкрэсліў: у ЕЗ разлічваюць, што не будзе рэпрэсій з боку дзяржавы ў адносінах да кандыдатаў, будзе больш магчымасцей для выказвання розных думак.
Рыгор Кастусёў: Верагоднасць таго, што рэпрэсіі будуць, выключаць не трэба, усё магчыма. На жаль, Еўропа ў гэтым плане не зусім разумее сітуацыю ў Беларусі і на слова верыць таму, што абяцаюць прадстаўнікі беларускай улады. А словы і дзеянні нярэдка – абсалютна розныя рэчы.
РР: Зараз у дачыненнях Беларусі і Еўропы назіраецца пацяпленне. Можа быць, улады на самой справе не захочуць парушаць гэты мір і спакой, а значыцца будуць больш лаяльнымі і да сваіх апанентаў падчас выбарчай кампаніі?
Рыгор Кастусёў: Можа быць. Але, калі пачынаецца такая буйная кампанія, як прэзідэнцкая, на сто адсоткаў нешта прагназаваць не даводзіцца. Пяць гадоў таму таксама было пацяпленне з Захадам, а ў выніку амаль усе кандыдаты пасля выбараў аказаліся за кратамі. Так што, паўтаруся, верагоднасць рэпрэсій захавалася.
РР: Даследванні нават незалежных сацыялагічных апытанняў паказваюць, што рэйтынгі апазіцыйных кандыдатаў заўсёды складаюць мізер. Гэтая кампанія, напэўна, не выключэнне?
Рыгор Кастусёў: Так, рэйтынгі апазіцыйных кандыдатаў падчас усіх кампаній былі нізкімі. Шмат у чым гэта залежыць ад таго, як працуе каманда кандыдата. Але давайце адразу скажам – магчымасці ў апанентаў улады былі і застаюцца звужанымі, каб падняць гэтыя рэйтынгі. Такая сітуацыя зараз, яна застанецца і надалей. Пра гэтыя звужаныя магчымасці нярэдка забываюцца, на гэты факт Еўропа амаль не звяртае ўвагу.
РР: Калі апазіцыйныя кандыдаты па сваіх рэйтынгах не могуць скласці канкурэнцыю дзеючай уладзе, то апошняй можа насамрэч варта было б правесці празрыстую выбарчую кампанію, без аніякіх рэпрэсій да апанентаў?
Рыгор Кастусёў: Вось таму, напэўна, і няма празрыстых выбараў, што ўлада на сто адсоткаў не верыць у перамогу свайго кандыдата. Я наогул заўсёды скептычна стаўлюся да рознага кшталту рэйтынгаў і сацыялагічных апытанняў. Гэта ж не закрытае апытанне. Сёння рабочы выходзіць з завода, на якім атрымлівае 4-5 мільёнаў, але вы запытаце ў яго што-небудзь на прахадной. Ён адкажа вам, што добра жыве, што ўсяго ў яго хапае, заробак прыстойны. Людзі не хочуць згубіць працу, не хочуць ніякіх апытанак. Лепш чалавек пахваліць уладу – так яму будзе спакайней. Таму я з недаверам стаўлюся да ўсіх даследванняў. Яны не прадстаўляюць рэальную карціну рэйтынгу беларускай ўлады, людзі незаўсёды кажуць тое, што думаюць. Асабліва ў рэгіёнах, дзе ўзровень жыцця людзей вельмі нізкі. Таму ўлады ніколі не пойдуць на празрыстыя выбары.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя