Ці чакаюць польскі ўрад кадравыя змены?
У апошнія дні ў СМІ абмяркоўваюць неафіцыйную інфармацыю пра магчымую замену прэм’ера краіны Беаты Шыдла, якая прадстаўляе кіроўную партыю „Права і справядлівасць”.
На пытанне, хто можа стаць прэм’ерам, віцэ-старшыня партыі Адам Ліпіньскі адказаў, што паводле яго, натуральным кандыдатам з’яўляецца старшыня партыі Яраслаў Качыньскі, але ён не выключае, што гэта можа быць і міністр фінансаў Матэвуш Маравецкі:
– Кандыдатам з’яўляецца старшыня Яраслаў Качыньскі, ён пакуль яшчэ не вырашыў. Найлепшым кандыдатам з’яўляецца Матэвуш Маравецкі.
Калі гэта будзе вырашана?
– Я мяркую, што перад святамі.
У панядзелак, 4 снежня, лідар “”Права і справядлівасці” Яраслаў Качыньскі сустрэўся з рэгіянальнымі лідарамі партыі і кіраўнікамі ваяводскіх самаўрадаў. Між іншым, паводле інфармацыі журналістаў, размова ішла пра снежаньскія змены ва ўрадзе.
Прэс-сакратар партыі Беата Мазурак паведаміла, што сустрэча палітычнага камітэта партыі па гэтым пытанні адбудзецца ў чацвер, 7-га снежня:
– Палітычны камітэт будзе прымаць рашэнне адносна бягучай сітуацыі і палітыкі. Тое, што цікавіць грамадскую думку найбольш, гэта рэканструкцыя ўрада.
Прыгадаем, што кансерватыўная партыя “Права і справядлівасць” выйграла апошнія прэзідэнцкія і парламенцкія выбары, мае большасць у парламенце.
Беларускае Радыё Рацыя