Ці дапамогуць відэакамеры пазбегнуць фальсіфікацый?



Грамадскі актывіст Віктар Карняенка выказаў сваё меркаванне з нагоды таго, як можна хаця б часткова пазбегнуць фальсіфікацый падчас выбараў.

Пра прапанову прафінансаваць усталёўку на выбарчых участках вэб-камер, пададзеную ў Цэнтральную выбарчую камісію, паведаміла ініцыятыва «Сумленныя людзі». Адпаведны зварот 28 ліпеня пададзены ў Цэнтрвыбаркам.

Віктар Карняенка: Гэтыя камеры вырашаць праблему фальсіфікацый у найменшай ступені. Хіба відэакамера будзе фіксаваць падлік галасоў? Упэўнены, што не будзе.

Нават калі такая камера будзе вісець, то на ёй будзе бачны толькі агульны працэс: сябры камісій нешта раскладваюць, нешта робяць – і на гэтым усё.

Яўка выбарцаў – тут слова супраць слова. Назіральнікі кажуць, што прыйшло столькі чалавек, у камісій – свае лічбы. І нічога не дакажаш.

А вось калі б камера фіксавала менавіта падлік галасоў, тады была б зусім іншая справа.

РР: Мяркуеце, што Цэнтрвыбаркам не прыме гэтую прапанову?

Віктар Карняенка: Ён не прымае ніякія прагрэсіўныя прапановы, якія хоць крыху могуць зрабіць выбары больш празрыстымі. То грошай на тэхніку няма, то нешта іншае. І нават зараз адмовяць, калі прапануюць грошы на відэакамеры. Скажуць, што ўжо позна альбо іншую адчэпку прыдумаюць.

Таму я абсалютна ўпэўнены – ніякіх відэакамер не будзе. І ўвогуле, любая ініцыятыва, якая ідзе не ад улады, лічыцца варожай і не можа быць прынятай. Нават калі рэч карысная і нічога не каштуе ўладзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя