Ці дапаможа Еўропа змяніць у Беларусі выбарчае заканадаўства?



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі „За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка распавёў, ці можа прыезд у Менск высокіх еўрапейскіх гасцей паўплываць на змены ў Выбарчым законе.

Віктар Карняенка: Найперш хачу адзначыць, што правядзенне сесіі ПА АБСЕ ў Менску стала магчымым дзякуючы толькі таму, што ў рэгіёне змянілася геапалітычная сітуацыя. Я маю на ўвазе, што сёння ў Еўропе з’явілася яшчэ большая небяспека ў выглядзе Расеі. Таму Беларусі, што называецца, і далі “костку” ў выглядзе сесіі Парламенцкай Асамблеі. Але насамрэч у плане зменаў унутры краіны ўлады пойдуць толькі на імітацыі, што звычайна і робіцца. Таму падчас сустрэч з еўрачыноўнікамі будуць гучаць абяцанні кшталту “у нас ёсць жаданне ўдасканальваць выбарчае заканадаўства”, але інструменты правядзення выбараў будуць застацца ранейшымі. Выбарчы працэс па-ранейшаму будзе кантралявацца людзьмі, якія прызначаны “вертыкаллю”, і якія за гэты час набылі досыць добры досвед атрымання неабходнага выніку.

РР: Еўропа не будзе настойваць на правядзенні празрыстых выбараў?

Віктар Карняенка: Мне падаецца, што зараз для еўрапейцаў больш актуальнае пытанне адмены смяротнага пакарання ў Беларусі, чым тыя ж выбары. Пра апошняе мы чуем хіба што з вуснаў самых прынцыповых еўрапейскіх палітыкаў. Але, калі мы ў Беларусі не будзем уздымаць гэтае пытанне, то Захад прыме беларускую ўладу такой, якая яна ёсць, калі ў краіне ўвядуць мараторый на смяротнае пакаранне. Хаця не выключаю, што рэжым падчас тых жа мясцовых выбараў можа “пагуляць” з апазіцыяй і падкінуць нейкія нязначныя змены. Гэта будзе гульня, дзе арбітр ужо даўно вызначыў вынік.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя