Ці дапаможа Папа Рымскі адмяніць смяротнае пакаранне ў Беларусі?
Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда распавёў пра тое, чаму ўлады пакуль не хочуць уводзіць мараторый на смяротнае пакаранне.
Андрэй Палуда ў адкрытым лісце да Папы Рымскага папрасіў кіраўніка Каталіцкай царквы абмеркаваць адмену вышэйшай меры пакарання з Аляксандрам Лукашэнкам.
Тым часам, 4 кастрычніка Вярхоўны Суд у выніку апеляцыйнага разгляду справы Сяргея Вострыкава пакінуў у сіле прысуд Гомельскага абласнога суда.
Нагадаем, Гомельскі абласны суд вынес смяротны прысуд 33-гадоваму жыхару абласнога цэнтра сёлета 19 траўня. Сяргей Вострыкаў прызнаны вінаватым у двух асобных выпадках згвалтавання і забойства. Гэта трэці вынесены смяротны прысуд з пачатку 2016 года.
Андрэй Палуда: Усе мы, напэўна, ведаем пра пазіцыю Ватыкана адносна гвалтоўнага пазбаўлення чалавека жыцця. Палітыка каталіцкай царквы тут дастаткова канкрэтная – яна катэгарычна супраць смяротнага пакарання. І ведаем мы пра візіт Лукашэнкі ў Ватыкан, магчымы візіт Папы Рымскага ў Беларусь… Я ўжо казаў, што менавіта гэты візіт можа стаць сур’ёзным штуршком для прыняцця ўладай рашэння пра ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне. Тут у мяне больш спадзяванняў, чым на еўрапейскіх палітыкаў, якія доўгі час вядуць перамовы, а яны ні да чаго не прыводзяць.
РР: 5 кастрычніка ў краіне праваабаронцы пачалі Тыдзень супраць смяротнага пакарання, а днём раней Вярхоўны Суд пакінуў чарговы “расстрэльны” прысуд Сяргею Вострыкаву.
Андрэй Палуда: Па вялікім рахунку, гэта быў загадзя праганзуемы прысуд, таму што ў найноўшай гісторыі (3 2009 года) быў толькі адзін выпадак, калі падчас касацыйнага разгляду справу перанакіравалі на новы разгляд. Гэта была справа Грунова. Але, тым не менш, пасля выступу Лукашэнкі, які сказаў, што, маўляў, гэтага нягодніка не павінна насіць зямля, Грунову ізноў быў вынесены смяротны прысуд, якія быў зацверджаны ў касацыйным парадку. Таму спадзяванні на лепшае ў нас заўсёды ёсць, але практыка паказвае, што беларускія ўлады пакуль не збіраюцца змяняць пазіцыі ў плане адмены смяротнага пакарання.
РР: Няма палітычнай волі?
Андрэй Палуда: Няма, хаця размовы ідуць, што ў межах паляпшэння беларуска-заходніх стасункаў улады з часам прыдуць і да ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. Зараз час спрыяльны, каб весці такія дыялогі. Мне падаецца, калі Захад будзе больш ціснуць у гэтым пытанні, то Беларусь хутчэй стане вольнай ад смяротнага пакарання.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя