Ці “даціснуць” беларускія ўлады Крэмль?
Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук пракаментаваў “недалёт” Аляксандра Лукашэнкі на саміт у Расею.
Як вядома, учора ў Санкт-Пецярбургу праходзілі саміты Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) і АДКБ. У іх бралі ўдзел лідары ўсіх краін-удзельніц дадзеных арганізацый, акрамя Аляксандра Лукашэнні.
Раней у Маскве таксама праходзіла 51-я сесія Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расtі. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Беларусі Уладзімір Андрэйчанка выступіў на мерапрыемстве з жорсткай крытыкай. «У Еўразійскім эканамічным саюзе не прымаецца важных рашэнняў, а сам Cаюз ператвараецца ў палітычны праект», – заявіў ён.
Аляксандр Ярашук: Тое, што беларускі кіраўнік не паехаў на саміт, гэта, на мой погляд, відавочны дэмарш, ціск на кіраўніцтва Расеі, каб тыя праблемы, якія апошнім часам узніклі, нейкім чынам вырашаліся. Такія выпадкі ўжо ў гісторыі былі і вырашаліся яны на карысць Беларусі. Але, баюся, што зараз Крэмль так лёгка не здасца. Шмат чыннікаў кажуць пра тое, што фармат адносінаў змяніўся. І для ўсіх нас гэта выключна дрэнная навіна, таму што сітуацыя зараз мае абсалютна непрадказальны характар.
РР: Да чаго ўсё-такі можа прывесці гэты дэмарш? Можа быць, у хуткім часе ізноў атрымаем неабходныя кошты і аб’ёмы на расейскія нафту і газ?
Аляксандр Ярашук: Я зыходжу з больш песімістычнага прагнозу. Усё мае свой пачатак і свой канец. Калі да гэтага часу беларускаму боку ўдавалася добра гандлявацца, то зараз не тая сітуацыя. І рана ці позна, але павінен наступіць момант, калі Масква прыме рашэнне, якое не будзе задавальняць афіцыйны Менск. Хаця і кажуць, што Беларусь для Расеі ледзь не апошні саюзнік, трэба разумець, што ў Масквы свае меркантыльныя інтарэсы. Ніколі сур’ёзнага стаўлення да Беларусі ў Крамлі не было і не будзе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя