Ці даюць плён менскія дамоўленасці?



Палітолаг Андрэй Фёдараў лічыць, што цалкам магчыма ўвядзенне новых санкцый супраць Расеі, што можа адбіцца і на Беларусі.

Лідары Еўразвязу і ЗША абмеркавалі сітуацыю ва Украіне і заявілі пра магчымасці ўзмацніць санкцыі ў дачыненні да Расеі, калі менскія дамоўленасці не будуць выконвацца.

Пра гэта было заяўлена ў час відэа-канферэнцыі прэзідэнта Еўрапейскай Рады Дональда Туска з лідарамі Францыі, Германіі, Італіі, Вялікабрытаніі і ЗША, паведамляе УНИАН са спасылкай на прэс-службу Рады Еўропы.

«У дачыненні Украіны і Расеі лідары дамовіліся падтрымліваць поўную імплементацыю менскіх дамоўленасцей, дасягнутых у верасні 2014 года, і ўмовы, узгодненыя для выканання 12 лютага 2015 г. Лідары дамовіліся, што ёсць цесная сувязь паміж санкцыямі і поўнай імплементацыяй менскіх дамоўленасцей. Лідары будуць гатовыя абмяркоўваць далейшыя санкцыі, калі менскія дамоўленасці будуць надалей парушацца, і працягваць падтрымліваць украінскія рэформы і ўкраінскую эканоміку», – адзначаецца ў заяве.

Акрамя таго, лідары дамовіліся падтрымліваць і ўзмацняць здольнасць і магутнасці АБСЕ маніторыць выкананне менскіх дамоўленасцей.

Андрэй Фёдараў: Цалкам магчыма ўвядзенне новых санкцый супраць Расеі, калі падзеі на Данбасе будуць развівацца не так, як было дамоўлена ў Менску, і сепаратысты пачнуць наступ, напрыклад, на Марыупаль.

РР: Ці даюць плён менскія дамоўленасці?

Андрэй Фёдараў: У нейкай ступені нармалізацыя адбываецца. Я маю на ўвазе адвод цяжкага ўзбраення, хоць, па сведачаннях назіральнікаў АБСЕ, гэта выконваецца не ў поўнай меры. Ёсць інфармацыя, што сепаратысты перакідваюць цяжкае ўзбраенне якраз на марыупальскі накірунак. Але, тым не менш, актыўных баявых дзеянняў, якія былі падчас менскага саміта, ужо не вядзецца. Нейкія надзеі існуюць, хоць мне здаецца, што Маскве невыгодна спыняць канфлікт. Можа быць, проста ідзе перагрупоўка сілаў.

РР: Магчыма ўвядзенне ва Украіну міратворчых сілаў?

Андрэй Фёдараў: Сумніўна, бо для гэтага патрабуецца згода ўсіх канфліктуючых бакоў. Не думаю, што сепаратысты на гэта пойдуць. Па-другое, для гэтага патрабуецца яшчэ і рашэнне Савета бяспекі ААН, а там у Расеі ёсць права вета.

РР: Калі ўвядуць новыя санкцыі супраць Расеі, ці адаб’ецца гэта на Беларусі?

Андрэй Фёдараў: Ізноў-такі – гэта шмат у чым будзе залежыць, ад таго, якія будуць санкцыі. Хоць, па вялікім рахунку, так ці інакш, безумоўна, скажуцца. Хаця б у тым плане, што ў Расеі стане менш магчымасцей для таго, каб купляць беларускую прадукцыю.

РР: Ваш прагноз – што чакае Украіну ў бліжэйшай будучыні?

Андрэй Фёдараў: У любым выпадку краіна будзе ў вельмі цяжкім становішчы. Эканоміка разбурана, патрабуюцца вялізныя выдаткі на вядзенне вайны і аднаўленне нармальнага жыцця… Спадзяюся, міжнародная супольнасць не кіне Украіну адну ў гэтым становішчы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя