Ці ідзе ў Беларусь зброя праз украінскую мяжу?
Кіраўнік цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак распавёў, з якогу боку краіне варта чакаць небяспекі.
Беларускі кіраўнік ужо некалькі разоў адзначаў, што яго хвалюе сітуацыю на беларуска-украінскай мяжы.
«Мы прынялі рашэнне аб умацаванні мяжы з Украінай, – заявіў Лукашэнка падчас сустрэчы з дзяржсакратаром Савету бяспекі Станіславам Засем. – Мы бачым, колькі адтуль ідзе сёння бяды для Беларусі, і ў тым ліку зброі перапраўляецца. Мы павінны закрыць мяжу. Але не для прыстойных людзей, а для бандытаў, для тых, хто вязе зброю».
Алег Волчак: У апошнія часы пра падтрымцы Еўразвяза Украіна даволі істотна ўмацавала мяжу. Яна ўдасканальваецца ў плане барацьбы з кантрабандай, таму не думаю, што праблема такога масштабу, як гэта прадстаўляюць беларускія ўлады. Можа некага і злавілі з патронам у кішэні, але ж гэта не масавыя патокі зброі праз мяжу. Таму, думаю, усе гэтыя заявы больш зроблены дзеля стварэння пэўнай палітычнай інтрыгі. А падаецца так, як быццам з Украіны ў Беларусь штодзень ідуць эшалоны са зброяй. Калі ж такая праблема і насамрэч ёсць, то трэба прыводзіць канкрэтныя факты з канкрэтнымі людзьмі, а не казаць агульнымі фразамі.
РР: Многія кажуць, што якраз з боку Расеі, з якой у нас па сутнасці няма памежнага кантролю, у Беларусь і можа паступаць зброя.
Алег Волчак: Безумоўна, амаль паўтары тысячы кіламетраў практычна без нагляду. Мала ў Расею патрапіла зброі з Данбаса? Дык чаму затым гэтая зброя не можа патрапіць і ў Беларусь? Ніякіх перашкод на мяжы няма. І вось тут, як мне падаецца, куды большая небяспека, чым беларуска-украінская мяжа, дзе праходзіць паўнавартасны кантроль грамадзян з абодвух бакоў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя