Ці магчыма прадухіліць фальсіфікацыі на выбарах?
Выконваючы абавязкі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў распавядае, чаго ён чакае ад парламенцкай кампаніі.
Мікалай Казлоў вылучыўся па 105-й Старавіленскай акрузе ў Менску. Адна з галоўных мэтаў палітыка падчас цяперашняй кампаніі – даказаць усім, што выбары ў Беларусі фальсіфікуюцца.
Мікалай Казлоў: Я бачу, што ў беларускіх выбарчых кампаніях мала што змяняецца. Змяняюцца толькі настроі людзей. А што датычыцца арганізацыі выбараў, то тут наогул практычна нічога новага няма.
Я хутка буду ведаць імёны ўсіх сябраў камісій, бо, як правіла, яны таксама не змяняюцца. Адны і тыя ж людзі займаюцца аднымі і тымі ж бруднымі справамі. Таму на нейкую перамогу асабліва і не разлічваю, але прымаць удзел у кампаніі ўсё роўна трэба, каб даносіць да людзей праўду.
РР: Ці рэальна правесці кампанію назірання так, каб пазбегнуць фальсіфікацый?
Мікалай Казлоў: Рэальна, але для гэтага патрэбна, каб ва ўсіх камісіях былі прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці альбо прадстаўнікі кандыдатаў. Акрамя таго, неабходна, каб усе чальцы камісій дакладна ведалі, што фальсіфікацыя – гэта злачынства, за якое будзе самае суровае пакаранне, аж да зняволення.
Дарэчы, у нашым Крымінальным кодэксе таксама за гэта прадугледжана адказнасць, але што адбываецца на самай справе? Мы неяк за руку злавілі фальсіфікатараў, здалі іх міліцыі, а праз нейкі час іх наогул адпусцілі. Таму выявіць гэтыя моманты можна, але паўплываць на нешта ў сёняшніх умовах большае наўрад ці.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя