Ці магчыма прымірэнне ўдзельнікаў праймерыз?
Грамадскі актывіст Віктар Карняенка выказаў сваё меркаванне наконт разладу ў стане тых, хто прымаў удзел у выбарах адзінага кандыдата ад апазіцыі.
Віктар Карняенка: На жаль, мае прагнозы адносна таго, чым можа закончыцца праймерыз, амаль спраўдзіліся, хаця кампанія пачалася лепш, чым я чакаў. Галоўная праблема нашай апазіцыі – недахоп палітычнай культуры. І калі людзі выходзяць за межы нейкай стандартнай сітуацыі, выходзяць з зоны камфорту, то яны губляюцца і не ведаюць, як сябе паводзіць.
Раней Павел Севярынец у сваіх публічных выступах як бы апраўдваўся за тое, што прымае ўдзел у гэтай кампаніі, і, магчыма, знайшоў нагоду, каб яе пакінуць. Згубілася апошняя надзея, што нешта атрымаецца, бо іншага нічога не прапануецца. Уся балбатня пра ўстаноўчыя сходы і байкоты – гэта па факце азначае сядзець і нічога не рабіць. Так насамрэч і адбудзецца.
РР: Зараз удзельнікі праймерыз (а іх засталося толькі трое) узялі з-за каронавіруса паўзу ў сваіх паездках. Ці магчыма прымірэнне з тымі, хто выйшаў з кампаніі?
Віктар Карняенка: Думаю, ёсць яшчэ надзея, што здаровы сэнс усё-такі вернецца, і людзі паспрабуюць дамовіцца. А прычыны, па якіх той жа Севярынец і Янукевіч пакінулі праймерыз, на мой погляд, проста смешныя. Бо, калі ты моцны, то пераможаш і наменклатуру.
Акрамя таго, Севярынец жа ішоў у лідарах, ён не страціў тыя здабыткі, што ў яго былі. Таму, мне падаецца, наменклатурны фактар – ён некалькі недарэчны.
А вось з-за каронавіруса трэба было спыняць паездкі раней, хаця прадугледзець такую сітуацыю было складана. Трэба было адразу зрабіць паўзу, і ў гэты час спакойна паміж сабой абмеркаваць усе спрэчныя пытанні. Але ўсё гэта вынеслі ў публічную прастору, і ў выніку апазіцыя прадэманстравала народу, што яна не вартая падтрымкі. На вялікі жаль, склалася менавіта такая карціна.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя