Ці магчымы другі тур выбараў?
Палітолаг Валерый Карбалевіч распавядае пра магчымы другі тур прэзідэнцкіх выбараў і цяжкасці пры зборы подпісаў.
Кіраўнік Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла ў інтэрв’ю праграме «Контуры» тэлеканала АНТ, што ініцыятыва правядзення прэзідэнцкіх выбараў 11 кастрычніка належыць ёй.
«Гэтая дата апраўданая, бо не прыйдзецца збіраць пазачарговую сесію парламента. Парламент, працуючы цяпер, да свайго сыходу на вакацыі можа абвясціць гэту выбарчую кампанію. ЦВК будзе звяртацца ў парламент, каб гэта адбылося 30 чэрвеня. Гэты дзень можна будзе лічыць пачаткам выбарчай кампаніі», — патлумачыла кіраўнік ЦВК.
Больш апраўданай датай 11 кастрычніка можна лічыць і з пункту гледжання другога туру выбараў.
РР: Ярмошына ўжо не першы раз узгадвае пра другі тур выбараў. Такое ў прынцыпе магчыма?
Валерый Карбалевіч: Абсалютна нерэальна ў нашай сітуацыі. Проста кіраўнік ЦВК кажа пра другі тур у кантэксце таго, чаму датай выбараў назвалі менавіта 11 кастрычніка. Ніякага іншага сэнсу ў словах Ярмошынай няма. Проста трэба ж нейкім чынам патлумачыць, чаму выбары па сутнасці перанесены з лістапада на кастрычнік. Перанос азначае, што ўлады адчуваюць сябе няўпэўнена, нярвуюцца. І, каб захаваць твар, спрабуюць адцягваць увагу электарату ад таго, у чым сапраўдныя прычыны пераносу.
РР: Некаторыя лідары апазіцыі лічаць, што, па вялікаму рахунку, перанос даты выбараў ні на што асабліва не паўплывае. Вы згодны з гэтым?
Валерый Карбалевіч: Не згодны. Калі б выбары адбыліся 15 лістапада, асноўную частку подпісаў давялося збіраць у верасні. А цяпер трэба будзе рабіць гэта ў жніўні, калі людзі знаходзяцца ў адпачынках ды на лецішчах. Тыя, хто збіраў рэальныя подпісы, разумеюць, што такі ход – палкі ў колы. Большасць людзей у жніўні проста не будзе дома. Таму гэта даволі сур’ёзна абцяжарыць апазіцыі збор подпісаў.
РР: А ўвогуле, ці хопіць у кагосьці з альтэрнатыўных прэтэндэнтаў сілаў, каб сабраць рэальныя 100 тысяч подпісаў?
Валерый Карбалевіч: З большай упэўненасцю можна казаць, што ўдасца сабраць подпісы ў падтрымку Таццяны Караткевіч, таму што тут аб’яднаны практычна тры структуры, і ім цалкам рэальна можа хапіць сілаў, каб правесці сур’ёзную работу. Ва ўсіх астатніх прэтэндэнтаў, думаю, будуць вялікія праблемы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя