Ці мэтазгодна праводзіць ваенны парад?



Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч выказаў сваё меркаванне адносна таго, што Міністэрства абароны пакуль не адмаўляецца правесці 9 траўня ваенны парад.

У гэтым годзе адзначаецца 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Нягледзячы на сітуацыю з каронавірусам, адмяняць ваенны парад 9 траўня ў Беларусі пакуль, здаецца, не плануюць, хаця, напрыклад, у Казахстане гэта мерапрыемства ўжо адменена.

Генадзь Фядыніч: Тут, як кажуць, парадам кіруе зусім не Міністэрства абароны, а галоўнакамандуючы. Калі сказаў беларускі кіраўнік праводзіць парад, то яго правядуць пры любых умовах – нават калі будзе эпідэмія.

У такой сітуацыі наогул неабходна адмяніць усе масавыя мерапрыемствы, каб паклапаціцца пра здароўе людзей, але ж ва ўладаў іншы пункт гледжання. Пакуль краіны-суседзі ўводзяць жорсткі каранцін, у Беларусі дэманструецца свой шлях барацьбы з каронавірусам.

РР: Адным словам, парад сёння праводзіць немэтазгодна?

Генадзь Фядыніч: Гэта будзе наогул дзікунствам! Калі ўся Еўропа закрываецца, то Беларусь паказвае, што ў нас зусім няма з гэтай нагоды праблем. У беларусаў пасля Чарнобыля і так зніжаны імунітэт (а людзі з аслабленым імунітэтам – самая небяспечная група насельніцтва, на якую ўздзейнічае каронавірус), дык навошта здзеквацца над людзьмі? Але, ведаеце, шмат беларусаў замест таго, каб выказаць сваю пазіцыю, ціха маўчаць. Кожны выжывае сам па сабе.

РР: Можа грошы, якія пойдуць на парад, лепш раздаць тым нешматлікім ветэранам, якія яшчэ жывуць альбо іх блізкім?

Генадзь Фядыніч: Ветэранам трэба дапамагаць не толькі да юбілея Перамогі, яны наогул павінны дажываць свае гады ў багацці. Калі іх не будзе, то застанецца толькі памяць. Лепш і на самай справе дапамагчы гэтым людзям альбо іх блізкім, чым бразгаць зброяй на вуліцах. Тым больш, у такі час.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя