Ці могуць палепшыцца ў бліжэйшы час беларуска-расейскія стасункі?
Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў прагназуе, як будуць далей складвацца дачыненні афіцыйнага Менска і Крамля.
Прыезд у Менск кіраўніка «Раснафты» Ігара Сечына і вынікі сустрэчы з беларускім кіраўніком пакуль афіцыйна не каментуюцца, але ў той жа час выклікае шмат пытанняў: можа ўсё-такі ёсць нейкія дамоўленасці па нафце? Магчыма, Пуцін вырашыў пайсці на саступкі?
Ігар Барысаў: Нават калі зараз пра нешта і дамовяцца, то гэта ўжо не будуць папярэднія дамовы на тым узроўні, як гэта было да прапановы Расеі «інтэгравацца паглыблена». Крэмль вырашыў эканамічна ціснуць на Менск, таму наўрад ці пойдуць на вялікія саступкі па цане на нафту. Хутчэй за ўсё, стасункі будуць набліжацца да рынкавых адносінаў. Беларусь можа павялічыць кошты на транзіт нафты і ўсё, што звязана з гэтым.
РР: А што ў такім выпадку будзе з так званай «паглыбленай інтэграцыяй»?
Ігар Барысаў: Гэты праект, напэўна, «накрыўся», і ў гэтым накірунку для Расеі пакуль нічога не свеціць. Беларускія чыноўнікі пакуль дэманстратыўна вытрымліваюць старую лінію на інтэграцыю Расеяй, але, думаю, шчыра ў гэта ўжо і самі не вераць.
РР: Крэмль працягне ціск?
Ігар Барысаў: Сутнасць Расеі якраз і заключаецца ў захаванні ўплыву ў рэгіёне праз пастаянны ціск. Таму Масква спрабуе кантраляваць працэсы, якія адбываюцца ў суседніх краінах.
Беларусь – гэта адзін са стратэгічных накірункаў, дзе Крамлю трэба захаваць уплыў, замацавацца тут і рабіць усё, каб краіна не адарвалася ад «саюзніка». Залежнасць – гэта магчымасць маніпуляваць Беларуссю. Пабачым, як нашы ўлады будуць гэтаму супрацьстаяць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя