Ці можа Еўразвяз паўплываць на “справу патрыётаў”?



Палітык Аляксандр Мілінкевіч распавядае пра тое, якія перспектывы “справы патрыётаў”.

Кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Андрэа Віктарын у кулуарах экспертных кансультацый паміж МЗС і праваабаронцамі заявіла, што разгоны пратэстаў і арышты гэтай вясной у Беларусі не пацягнуць за сабой нейкіх новых крокаў Еўразвяза, але там будуць уважліва сачыць за «некаторымі расследаваннямі», уключаючы справу «Белага легіёна».

Аляксандр Мілінкевіч: Вельмі мала інфармацыі па гэтай справе, але зразумела адно – яна абсалютна беспадстаўная. Няма ў Беларусі нацыяналістаў, якія хочуць дзейнічаць радыкальнымі мерамі. Я ведаю многіх тых, хто вельмі любіць сваю краіну, хто выхоўваў патрыятызм. Справа павінна быць як мага хутчэй прыпынена. Тое, што даходзяць чуткі, што выкарыстоўваюцца жудасныя меры супраць гэтых людзей, выклікае вялікі непакой за іх лёс і за будучыню гэтай справы. Бо ад гэтага залежыць тое, якой Беларусь будзе заўтра. Непакой з гэтай нагоды вельмі вялікі. Тут важна праяўляць салідарнасць і не чакаць, што штосьці вырашыць суд, бо ў Беларусі вельмі вялікія праблемы са справядлівым судом.

РР: Ці могуць еўрапейскія структуры нейкім чынам паўплываць на гэтую справу?

Аляксандр Мілінкевіч: Безумоўна, могуць, бо Беларусь шукае эканамічнай супрацы з Еўропай, і сёняшні эканамічны стан прымушае гэта рабіць. Таму неабходна, каб усе беларускія дэмакратычныя лідары, грамадзянская супольнасць былі салідарны ў гэтым пытанні і пастаянна нагадвалі еўрачыноўнікаў, што ёсць такая вялікая праблема, як “справа патрыётаў”. Ад Еўропы сёння залежыць вельмі многае. Калі ёсць беларуска-еўрапейскі дыялог, то Еўразвяз будзе мець уплыў. Ён быў бы мізэрны, калі б краіна знаходзілася ў ізаляцыі.

РР: На ваш погляд, чаму ўлады распачалі гэтую крымінальную справу, да якой вельмі шмат пытанняў?

Аляксандр Мілінкевіч: Першае, што прыходзіць на думку, гэта канспіралогія, але ад яе заўсёды хочацца адмежавацца. Сёння ў нас вялікая праблема – паміж уладай і грамадствам няма камунікацый. Ні на выбарах, ні ў дзейнасці грамадзянскай супольнасці. Таму ўлада жыве ў пэўных комплексах і страхах. Гэта таксама  мае ўплыў. А яшчэ і тое, што рашэнні ў краіне прымае адзін чалавек, і на яго ўплывае бліжэйшае акружэнне. Хтосьці робіць гэта дзеля кар’еры, нехта дзеля карыслівасці, а можа і дзеля інтарэсаў іншай краіны… А гэта вельмі небяспечна для незалежнасці Беларусі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск