Ці можа Крэмль скарыстацца нестабільнай сітуацыяй у Беларусі?
Ці можа Крэмль скарыстацца патэнцыйнай нестабільнай сітуацыяй у Беларусі для сваіх мэтаў, як гэта здарылася ва Украіне ў 2014 годзе? Па словах дырэктара цэнтру „Еўрапейскі дыялог” Анатоля Лябедзькі, паспешліва на гэта пытанне не адкажаш – „так” ці „не”. Над ім трэба ўважліва думаць, таму што Беларусь – гэта не толькі Лукшэнка, не толькі выбаршчыкі, але гэта і расейскі фактар. Было б добрым крокам, каб удзельнікі прэзідэнцкай кампаніі звярнуліся да міжнароднай супольнасці і да Расеі.
– Сэнс гэтага звароту мусіць быць, па-першае, – не падтрымліваць Лукашэнку. А другое, устрымацца наогул ад таго, каб задумаць тут нейкія палітычныя праекты ў Беларусі. Палітычны нейтралітэт Масквы зараз быў бы для іх самым лепшым. І такі зварот маглі б падпісаць і Ціханоўская, і Бабарыка, і Цапкала. І гэта было б, на мой погляд, правільна ў гэтай сітуацыі. Каб людзі таксама зразумелі, што не мы тут гульцы.
Але трэба звярнуцца і да міжнароднай супольнасці. Беларусь з’яўляецца чальцом многіх міжнародных арганізацый. А тое, што зараз адбывааецца – шматлікія затрыманні, арышты, – гэта брутальнае парушэннем сваіх жа міжнародных абавязкаў, – кажа Анатоль Лябедзька. Таму, па яго словах, трэба звярнуцца да АБСЕ, Рады Еўропы, Еўразвязу з прапановай замарозіць фінансавыя праекты ў Беларусі, якія Лукашэнка можа скарыстаць, каб пазбаўляць людзей права выбару і ператвараць выбарчую кампанію ў нейкі рэпрэсіўны канвеер.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск