Ці наблізіцца Беларусь да Еўропы?



Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Павел Знавец распавядае пра шанцы наблізіцца да Еўропы пасля таго, як будуць прыпыненыя еўрапейскія санкцыі ў дачыненні да Беларусі.

Міністры замежных спраў краін ЕЗ на нефармальнай сустрэчы 4-5 верасня ў Люксембургу „разгледзяць магчымасць прыпынення санкцый супраць Беларусі”. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на крыніцу ў інстытутах Еўразвязу.

Пры гэтым крыніца ўдакладніла, што сустрэча, якая мае адбыцца ў Люксембургу, носіць нефармальны характар і „тэма санкцый у дачыненні да Беларусі не ўваходзіць у парадак дня, паколькі там няма парадку дня як такога”. „Аднак шэраг краін ЕЗ ужо выказалі намер узняць пытанне пра прыпыненне дзеяння рэжыму санкцый прынамсі на год”, – адзначыла яна.

Павел Знавец: Санкцыі, хутчэй за ўсё, адменяць. Гэта рэалізацыя канцэпцыі “рэалпалітык”, калі ў абмен на вызваленне палітвязняў здымаюцца санкцыі. Звычайны палітычны гандаль людзьмі. Напрыканцы 90-х быў такі лозунг: “Беларусь – у Еўропу…” Сёння краіна зусім не наблізілася да еўрапейскай цывілізацыі. Усе свае прынцыпы і пазіцыі новае пакаленне еўрачыноўнікаў проста здала.

РР: Пасля таго, як здымуць санкцыі, ці бліжэй стане Беларусь да Еўропы?

Павел Знавец: Не. Беларусь стане бліжэй да Расеі. Народ не змагаецца, запалоханы, людзі баяцца згубіць працу. Яны, як прыгонныя сяляне, але ў кожнага свае матывы. Да таго ж, беларусы запалоханы Майданам. Гэта ж трэба! У Кіеве людзі выйшлі на вуліцы, каб скінуць бандыцкую ўладу, а беларусаў палохаюць, што ў нас будзе вайна. І, калі наш народ знаходзіцца ў такім анабіёзным стане, Захад вырашыў, што такі ўжо стан грамадства. Пры Сталіне народ у такім жа стане быў, але там яшчэ і “стукалі” адзін на аднаго. Зараз, дарэчы, таксама “стукаюць”, але ў асяроддзі чыноўнікаў. Вось там узровень страху ў некалькі разоў вышэйшы, чым у асяродку звычайных абывацеляў.

РР: Беларусы не хочуць жыць так, як еўрапейцы?

Павел Знавец: У стане афіцыйнага замбавання “рашэн-ТВ”, калі верыць сацыёлагам, Беларусь ужо павярнулася ў бок Расеі. Трэнд на тое, што Беларусь хоча больш у Еўропу, ужо трансфармаваўся на расейскі кірунак. Былое праеўрапейскае пакаленне часткова эмігравала, частка зняверылася, нехта падрос і стаў пенсіянерам, які змірыўся са станам дзяржавы, што ўтрымліваецца на расейскія грошы.

РР: А што ж моладзь?

Павел Знавец: Многія таксама эмігруюць. За мяжу з’ехалі некалькі тысяч самых актыўных змагароў, якія расчараваліся. За гэтыя гады праз турмы прайшло па самых сціплых дадзеных дзесьці 15 тысяч моладзевых актывістаў. Але ў асноўным пакаленне, якое падрастае, – запалоханыя нонканфармісты. Яны альбо ўступаюць у БРСМ, каб схадзіць бясплатна на дыскатэку, альбо сядзяць і маўчаць у анучку.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота news.bigmir.net