Ці наблізяць Беларусь да Еўропы танныя візы?



Вядомы беларускі і польскі журналіст Андрэй Пачобут распавядае, што могуць даць беларусам і Беларусі танныя шэнгенскія візы.

Кіраўнік Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі Аляксей Бягун заявіў, што ўжо з 1 студзеня 2018 году шэнгенская віза для беларусаў можа патаннець з 60 да 35 еўра. Але пры ўмове, што будзе падпісана адпаведнае пагадненне паміж Беларуссю і Еўразвязам.

Пры гэтым міністр замежных спраў Уладзімір Макей не пацвердзіў патанення шэнгенскіх візаў з наступнага года, пра што і заявіў на міжнароднай канферэнцыі «Мінскі дыялог».

Андрэй Пачобут: Беларусы і так маюць вялікую колькасць “шэнгенаў”, таму наўрад ці больш танныя візы наблізяць альбо аддаляць Беларусь ад Еўропы.  Хаця, калі такое рашэнне прымуць,дык яно будзе, безумоўна, пазітыўнае. Гэта спроба нармалізаваць стасункі ў візавай сферы. Улады раней зачынялі краіну, не былі зацікаўлены, каб былі танныя шэнгенскія візы. Раней сітуацыя ўвогуле была ненармальная. Для расейцаў шэнгенская віза каштавала 35 еўра, а для беларусаў 60. Але віна тут цалкам на беларускай уладзе.

РР: Калі Польшча ўваходзіла ў Шэнген, таксама была нейкая добрая візавая прапанова для беларускага боку…

Андрэй Пачобут: Польшча прапаноўвала зрабіць польскія візы бясплатнымі для беларусаў, а палякі ездзілі б бясплатна ў Беларусь. Афіцыйны Менск адмовіўся, маўляў, мы – не грамадзяне другой катэгорыі. Дарэчы, такі вопыт раней з поспехам выкарыстоўваўся ва Украіне.

РР: Можа быць, беларусы з таннымі візамі стануць больш наведвацца ў Еўропу?

Андрэй Пачобут: Не перакананы ў гэтым. Можа быць, нават наадварот знізіцца колькасць паездак за мяжу. Да крызіса, напрыклад, 80 адсоткаў тых, хто ехаў з Гародні ў Польшчу ў маршрутцы, ехалі на закупы. А зараз гэты паток значна зменшыўся, многія едуць ужо не купляць тавар, а працаваць. Таму гэтыя працэсы таксама будуць відазмяняцца, бо шмат у чым яны залежаць не ад кошту візаў, а ад эканамічнай сітуацыі ў краіне.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя