Ці напалохае чыноўнікаў новы дэкрэт?
Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч пракаментаваў новы дэкрэт, які накіраваны на “перавыхаванне” чыноўнікаў.
Днямі беларускі кіраўнік падпісаў дэкрэт №1, які ўносіць змяненні ў іншыя дэкрэты, якія рэгулююць пытанні працоўных адносін.
Дакумент накіраваны на “недапушчэнне выпадкаў “ перасаджвання” кіраўнікоў, вызваленых ад пасад па дыскрэдытуючых абставінах, прадугледжваецца ажыццяўленне маніторынгу працаўладкавання такіх асоб на працягу пяці гадоў пасля звальнення”.
Генадзь Фядыніч: Як паказвае практыка, на год гэтая калода чыноўнікаў тасуецца па некалькі разоў, а таму мы практычна не бачым новых асобаў. Можа яны недзе ёсць, але такіх мала.
І мы ўжо ведаем прыклады больш жорсткіх падыходаў барацьбы вярхоўнай улады з карупцыяй і нядобрасумленнымі работнікамі, якія аказаліся звычайнай бурбалкай. Напрыклад, цяпер ужо былы намеснік генеральнага пракурора Архіпаў, які сам павінен сачыць за захаваннем законнасці, атрымаў 6 гадоў зняволення за хабар. І што адбылося далей? Праз два гады пасля гэтага чыноўніка вызваляюць і прызначаюць кіраўніком сельскагаспадарчага прадпрыемства. А яшчэ праз нейкі час і гэтае “пакаранне” заканчваецца, і сёння Архіпаў ужо спакойна працуе ў адной фірме. Вось і ўся іх барацьба з хабарнікамі і карупцыянерамі!
Таму, калі я чую, што зараз яны збіраюцца “сачыць” 5 гадоў за нейкімі чыноўнікамі, каб яны не атрымалі новую пасаду, гэта проста выклікае смех. Заон павінен быць для ўсіх аднолькавы – і для Архіпава, і для рабочага завода. Вось тады будзе справядлівасць. Але ў нас сёння шмат выпадкаў, калі набліжаныя да ўлады чыноўнікі нясуць зусім іншае пакаранне, чым звычайныя грамадзяне. Пабоўтаецца недзе з крымінальнай справай, а затым ізноў усплывае на паверхні ў “хлебным” месцы.
Гэта рэчаіснасць, і ад людзей гэтага не схаваеш.
РР: Адным словам, гэты дэкрэт чыноўнікаў не напалохае?
Генадзь Фядыніч: Іх ужо нічога не палохае, яны, як тараканы, прызвычаўваюцца да любых умоваў. Чым больш травяць, тым больш іх размнажаецца.
Таму нават калі нейкага чыноўніка і звольняць па нейкіх “дыскрэдытуючых абставінах”, то ён можа знайсці сабе добрую працу не абавязкова на кіруючай пасадзе. Улада сама стварыла гэтую сістэму.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя