Ці паедзе Аляксандр Лукашэнка ў Брусель?



Палітолаг Валер Карбалевіч патлумачыў, чаму беларускі кіраўнік не спяшаецца з візітамі ў Еўропу і як Масква ставіцца да такіх стасункаў.

13 мая ў Бруселі адбудзецца абед з нагоды дзясятай гадавіны «Усходняга партнёрства» пад старшынствам прэзідэнта Еўрапейскай рады Дональда Туска, паведамляе Радыё Свабода.

Стала вядома, што беларускі кіраўнік таксама запрошаны на гэтае мерапрыемства разам з пяццю іншымі прэзідэнтамі краін “Усходняга партнёрства”: Арменіяй, Азербайджанам, Грузіяй, Малдовай і Украінай. Ці адгукнецца Лукашэнка на гэтае запрашэнне?

Валер Карбалевіч: З аднаго боку, у Бруселі пройдзе досыць шараговае мерапрыемства, яго ўзровень не вельмі высокі, калі казаць пра павестку дня і склад удзельнікаў. Тым больш, невядома, ці паедуць туды і іншыя кіраўнік краін-удзельніц “Усходняга партнёрства”. Натуральна, беларускі кіраўнік хацеў бы быць запрошаным на больш сур’ёзныя мерапрыемствы.

З іншага боку, з улікам напружаных стасункаў з Масквой афіцыйны Менск мог бы прадэманстраваць Крамлю паездку ў Брусель – сталіцу Еўразвяза. І паездка была б даволі знакавай. Праўда, нам невядома, ці гатова на сёння беларуская ўлада ўступіць у жорсткую канфрантацыю з Масквой. Таму мой прагноз, што Лукашэнка хутчэй не паедзе ў Брусель, чым паедзе.

РР: Масква балюча ўспрымае такія кантакты з Еўропай?

Валер Карбалевіч: Безумоўна, пра што беларускі кіраўнік і сам казаў. Хаця насамрэч на афіцыйным узроўні Масква ніколі з гэтай нагоды не папракае. А вось у кулуарах такія стасункі ацэньваюць у Крамлі на ўзроўні істэрыкі. Расея ўвогуле не задаволеная тым працэсам нармалізацыі стасункаў Беларусі з Захадам, які зараз адбываецца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя