Ці паедзе Лукашэнка на саміт Усходняга партнёрства?
Ці чакаць удзелу кіраўніка краіны? Што будуць бараніць у латышскай сталіцы дзяржаўныя беларускія чыноўнікі і якія крокі для нармалізацыі стасункаў павінны зрабіць Беларусь і Еўрапейскі звяз, які ўсё больш важнай лічыць геапалітыку? Гэтыя пытанні паўстаюць перад самітам Усходняга партнёрства, які пройдзе напрыканцы траўня ў Рызе. «Адзіным, што засталося Лукашэнку, каб пачаць паўнавартасны дыялог з Еўропай, – вызваліць палітычных вязняў,» – мяркуе намеснік старшыні кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў:
– І вось Лукашэнка хацеў бы, каб Еўропа прызнала за Беларуссю права быць Азербайджанам, што тут могуць быць дзясяткі ці сотні палітзняволеных, тут могуць быць цалкам заціснутыя палітычныя свабоды, але пры гэтым эканамічныя стасункі развіваюцца, дыялог і візіты паміж краінамі адбываюцца.
Еўрапейскія чыноўнікі не хочуць весці перамовы з Лукашэнкам галоўным чынам з-за наяўнасці ў Беларусі палітычных зняволеных. Супраць запрашэння беларускага лідара на саміт Усходняга партнёрства ў Рызе нядаўна пратэставалі беларусы ў Варшаве.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ru.tsn.ua