Ці палепшыцца ў Беларусі сітуацыя з правамі чалавека?
Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла пракаментаваў прыняты ў Беларусі план па рэалізацыі міжнародных рэкамендацый у галіне правоў чалавека.
Міжведамасны план па рэалізацыі рэкамендацый Універсальнага перыядычнага агляду (УПА) на 2016-2019 гады прыняты ў Беларусі. Адпаведная пастанова Савета міністраў № 860 ад 24 кастрычніка апублікаваная на сайце ўрада.
Як адзначаецца ў дакуменце, гэты план скіраваны ў тым ліку на „выяўленне праблем у галіне правоў чалавека і распрацоўку магчымых заканадаўчых і інстытуцыйных мер па іх вырашэнні”, а таксама на „эфектыўнае выкарыстанне міжнароднага вопыту для ўдасканалення дзяржаўнай палітыкі ў сферы правоў чалавека”.
Гары Паганяйла: Тое, што план прыняты, гэта ў любым выпадку добра. Галоўнае, каб тое, што там указана, рэальна выконвалася – і пытанні заканадаўчага ўрэгулявання, і іншыя.
РР: Але кажуць, што ў дакуменце мала канкрэтыкі…
Гары Паганяйла: Безумоўна, засталося рэха савецкіх часоў, калі ў планах пісалі агульныя словы – “умацаваць”, “падвысіць”, “палепшыць”… Папулісцкія лозунгі, вядома, нікому не патрэбны, хаця, часам і ствараюць вобраз рэфарматараў. Тым не менш, пры наяўнасці такога плана грамадскасць мае права патрабаваць рэальных спраў.
РР: На ваш погляд, ці палепшыцца ў Беларусі сітуацыя з правамі чалавека пасля прыняцця гэтага плана?
Гары Паганяйла: Дай бог, каб на адну трэць улады выканалі з таго, што было заяўлена. Ужо было б нядрэнна.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота upogau.org