Ці паляпшаецца ўзровень беларуска-еўрапейскіх стасункаў?



Павестка дня не адпавядала такому высокаму узроўню, кажа палітолаг. У Менск не прыехала Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па вонкавых справах і палітыцы бяспекі Фэдэрыка Магерыні, хаця планавалася, што яна сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Беларусі Сяргеем Румасам і кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам.

„Гэты візіт мусіў пачаць новы этап у адносінах паміж ЕЗ і Беларуссю, так пазіцыянавалася гэта мерапрыемства. Але бачна, што павестка дня аказалася не актуальнай,” – заўважае палітолаг Андрэй Казакевіч.

– Меркавалася, што візіт будзе насычаны, будуць падпісаныя нейкія значныя дакументы, напрыклад, пра спрашчэнне візавай падтрымкі. У выніку, прынамсі з таго, што можам ведаць з адкрытых крыніцаў, нічога сур’ёзнага і прарыўнага на гэтым саміце не планавалася. Ён проста згіубіў сваю змястоўную значнасць. Плюс, натуральна, ёсць яшчэ эфект таго, што Магерыні сканчае свае паўнамоцтвы. І адпаведна некаторыя дамоўленасці і размовы маглі мець другасны характар.

Ідуць перамовы: дыпламатычныя, палітычныя і ідэалагічныя, – дадае палітолаг Павел Усаў, але яны не ўплываюць на стратэгічнае палажэнне Беларусі. Паводле адмыслоўцы, менавіта спрашчэнне візавага рэжыму паміж Еўразвязам і Беларуссю пакажа, які сапраўды ўзровень беларуска-еўрапейскіх стасункаў.

– Галоўнае для Беларусі – гэта падпісанне візавых дамоўленасцяў з Еўрапейскім звязам, каб візы каштавалі, як гэта абмяркоўвалася, не больш 30 еўра. Бо калі гэты праект не будзе рэалізаваны, а для беларусаў гэта самае галоўнае, дык дачыннені з Еўразвязам застануцца на тым самым узроўні, на якім яны былі і дагэтуль. Ёсць нядаўнія дамоўленасці, падпісаныя па рэадмісіі паміж Беларуссю і Еўразвязам, хаця рэалізацыя гэтым дамоўленасцяў адкладзена на два гады.

Сустрэча на высокім узроўні беларускіх і еўрапейскіх чыноўнікаў планавалася яшчэ ад лета, высокае прадстаўніцтва мелася паказаць паляпшэнне стасункаў паміж Еўразвязам і Беларуссю.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя